Выбрать главу
А ты вось тут з ухвалы боскай, Тут столькі клопатаў-падзей... Пачатак добры, але войску Бракуе зброі і людзей.
Ты гаспадар у родным краі І як свядомы афіцэр Добраахвотнікаў збіраеш Пад сцяг дзяржавы БНР.
I заўтра выедзеш да свету — Не поле сошкаю араць — Да Беластоцкага павета Ваякаў новых вербаваць.
Пакуль ніякай небяспекі Яшчэ не чуеш над сабой, Каханкі здрадлівыя здзекі Твой не высмоктваюць спакой.
Манашцы юнай напярэймы Ты б кінуўся, каб не манах Яе правёў паўз дом Тальгейма, Ружанцам закілзаўшы страх.
У вінную зайшоў бы крамку... Ды што за гвалт, за рух такі? Галопам ад Старога замка Імчацца конныя палкі.
Пяхота на вакзал імкнецца... I зразумеў ты — справы швах! Гародню пакідаюць немцы... I вось ён, заміж смеху — страх.
Не папяровы, не кардонны — Сталёвы страх душу гняце, Бо неўзабаве легіёны Сюды Пілсудскі прывядзе.
З арлом — штандар амарантовы!.. Ксяндзы адбухаюць імшу. Каб той арол аднагаловы Глядзеў у кожную душу.
Канфедэраткі, эпалеты... I ў бога польскі дух відзён... А беларускія газеты Тут змоўкнуць аж да новых дзён.
Ёсць мова лепшая за мовы, I, дбаючы пра чысціню, Доўнар-Запольскага «Асновы...» Зграбуць, як смецце, да агню.
Змяніці шыльды спатрабуюць. Цукернік польскую «не вем» — Яго цукерню разрабуюць Па вуліцы Купецкай, 7 [3].
...Пад беларускія штандары Добраахвотнікаў сабраць Ты не паспееш, бо жандары У Беластоку ўжо стаяць.
Цябе — у цэлю!.. Рызыкоўна Ты будзеш лезці праз драты [4]. Як старац, дабярэшся ў Коўна I, дзякуй богу, што сюды.
Сюды не дойдуць ягамосці З Варшавы. Парадокс які — Ім, ворагам тваім. адпомсцяць Чырвонай Арміі палкі.
...Спазнаеш ты і страх пагоні, I голаду мярцвячы страх, Ды гэта — заўтра, а сягоння Ты ў родным небе вольны птах.
Германцаў сумнымі вачыма I са слязою на шчацэ Праводзіш, а тваю дзяўчыну Кахае польскі афіцэр.
1983 — 7 студзеня 1989

* * *

Што ні было — усё ж радзіма, I што ні ёсць — усё ж свая, Часцей з сабачымі вачыма, Чым з вольным горлам салаўя.
Радней няма, бліжэй таксама. Мой родны кут, мой мілы кут... I застаецца лепшым храмам Твой кожны дол, твой кожны груд.

* * *

Усё ж — як ні мерай, ні важ — Адной гадаваныя пашай Малітвы зварот «Ойча наш» I гімна — «Отечество наше».
Ды толькі спрадвек на зямлі, Ратуючы ад адзіноты, Спачатку малітвы былі, А гімны з'яўляліся потым.

* * *

На небе — Богу, бацьку — на зямлі Паклон, паклон і вечная пакора. Жыць так патрэбна, як ранпей жылі, Шануючы і хорам свой, і сорам.
Пакуль руіны хорама стаяць I рэшткі сораму ў душы трапечуць — Мінулае нас можа ўратаваць, Спадзеючыся з намі на сустрэчу.
Пакуль вятры адкрыццяў не змялі Жывога хараства жывыя душы, «На небе — Богу, бацьку — на зямлі»,— Прамовім разам і да продкаў рушым.

У ТВАІМ ГАРАДКУ

Бацьку

Ты любіш гэтыя дні, калі мароз, пабраўшы апошнюю сваю моц, раптоўна мякчэе, а на возеры сам па сабе злежваецца — тужае (Тваё слова) вялікі снег. Пачынаецца адліга, вада застойваецца — пратыхаецца (таксама Тваё слова), і ўюны, задыхаючыся, ліжуць і пралізваюць лёд.

У такія дні Ты кладзеш на сані ўсё неабходнае і выбіраешся на возера.

Пешняй прабіваеш палонкі і апускаеш у ваду вярбовыя рашамэты (і гэта Тваё слова). Палонкі перакрыжоўваеш тычкамі, густа закрываеш вішом і завальваеш зверху снегам. Снег выплёскваеш лапатай, далікатна з усіх бакоў абгладжваеш, як бульбяны капец у гародзе.

вернуться

3

Пасля ўчыненага рабунку гаспадар цукерні Е. Ф. Грыцук скардзіўся ў гарадзенскі губернскі цэнтральны камітэ аб'яднаных грамадскіх арганізацый. Камітэт пераслаў ягоную скаргу каменданту гарадзенскай крэпасці генералу Фалевічу. Адказ генерала невядомы.

вернуться

4

Лёс беларускіх афіцэраў, якія не ўцяклі з месцаў часовага ўвязнення, драматычны — у закрытых арыштанцкіх вагонах, амаль без ежы і санітарнага догляду, іх звозілі ў лагер ваеннапалонных у Домбе, непадалёк ад Кракава.