Выбрать главу

Магчыма, што чытачы беларускай паэзіі ўжо звярнулі ўвагу на адну — я сказаў бы дзіўную — акалічнасць: у творчасці нашых паэтаў, прысвечанай перыяду вайны, вельмі нязначнае месца займае тэма гарадскога антыфашысцкага падполля (у параўнанні з тэмамі франтавой і ўласна партызанскай). Дзіўным гэта здаецца таму, што з першых дзён акупацыі ва ўсіх гарадах і мястэчках Беларусі разгарнулася актыўная антыфашысцкая дзейнасць патрыётаў-падпольшчыкаў, якой кіравалі падпольныя гаркомы і райкомы партыі, камуністы і камсамольцы. Досыць прыгадаць хаця б такую магутную антыфашысцкую арганізацыю, як камуністычнае падполле Мінска або як падпольна-дыверсійныя патрыятычныя групы обальскіх і скідальскіх маладагвардзейцаў. Але пра мужную і самаахвярную барацьбу герояў-падпольшчыкаў у нашай паэзіі — ні ў гады вайны, ні ўва ўсе наступныя гады — не паявілася колькі-небудзь значнага твора, у той час як пра партызан — многа таленавітых паэм, балад, вялікія нізкі і нават цэлыя зборнікі вершаў. Вядома, што антыфашысцкае падполле акупаваных беларускіх гарадоў было самым цесным чынам звязана з дзейнасцю партызанскіх атрадаў і спецгруп, вельмі часта выконвала заданні партызан. Але яно змагалася і самастойна, а галоўнае — умовы і абставіны, у якіх дзейнічалі падпольшчыкі, былі вельмі спецыфічнымі. І вось менавіта гэта аказалася амаль абыдзеным нашай паэзіяй. Многа паэтычных тамоў можна скласці з твораў пра партызанскіх разведчыкаў і падрыўнікоў, пра начныя кастры ў лесе, пра выбухі на чыгунцы, пра засады на лясной дарозе, пра блакаду партызанскай зоны і яе прарыў, пра гераічную смерць маладога партызана і г. д., і г. д., але як цяжка згадаць таленавіты паэтычны твор пра дыверсіі антыфашыстаў у горадзе, пра начныя падпольныя сходкі на гарадскіх кватэрах, пра размножаны і распаўсюджанне лістовак сярод гараджан і г. д., і г. д. Думаецца, што ёсць некалькі прычын, чаму так здарылася. «Вінавата» тут і досыць багатая «партызанская» традыцыя ў беларускай даваеннай літаратуры, і рамантыка саміх абставін, у якіх дзейнічалі партызаны (ноч, пушча, лівень, засада, а гэта — нібыта бліжэй да паэзіі, лягчэй паддаецца паэтызацыі, лягчэй забяспечвае эстэтычны эфект), і тая акалічнасць, што вельмі многія паэты або самі былі ў партызанах, або, будучы дзецьмі, жылі ў партызанскіх зонах і на ўсё жыццё захавалі ў памяці асабістыя ўражанні аб лясных салдатах, а ў акупаваных гарадах амаль ніхто ні з тагачасных, ні з будучых паэтаў не знаходзіўся (ці не праўда: цікавы матэрыял для размовы або ролі асабістага, біяграфічнага моманту ў мастацкай творчасці?). Напэўна, сваё месца ў шэрагу прычын зойме і той факт, што доўгі час пасля вайны недаацэньвалася антыфашысцкая дзейнасць буйнейшага ў Беларусі камуністычнага падполля горада Мінска.

У Балгарыі 1941-1944 гадоў паэты большасцю сваёй жылі ў гарадах, а не ў партызанскіх зонах. У гарадах станавіліся ўдзельнікамі Супраціўлення і многія з тых, што пачнуць свой творчы шлях пасля перамогі над фашызмам. Таму не дзіўна, што ў балгарскай паэзіі як ваеннага, так і — асабліва — пасляваеннага перыяду вельмі шырока адлюстравана барацьба патрыётаў-антыфашыстаў у тыпова гарадскіх умовах.

Агульны настрой і эмацыянальны лад балгарскай паэзіі Супраціўлення хораша выяўлены ў вершы «Перадсмяротнае» Ніколы Вапцарава — аднаго з буйнейшых паэтаў у маштабах усёй тагачаснай Еўропы. Верш быў напісаны за некалькі гадзін да смерці, у Сафійскай турме.

Бязлітаснае мы вядзём змаганне. Эпічнае,— калі сказаць высока. Загіну я — другі на змену стане,— І што тут значыць нейкая асоба! Расстрэл, і за расстрэлам — чэрві. Усё лагічна: смерць і жвір магільны. Ды ў буру зноў табе паслужым верна, Народзе мой, бо так цябе любілі мы! [41]

Вялікай прагай адкрытага бою, дзе — «заляскацяць шалёна кулямёты» — прасякнуты верш Весяліна Андрэева «Перад бурай», напісаны ім у Сафійскім падполлі летам 1943 года.

Я знаю — кожны і цяпер герой, на варце ў гэтай цішыні спякотнай. Але душа мая ірвецца ў бой — там на ўсе грудзі дышацца свабодна!..
вернуться

41

Усе балгарскія вершы дадзены ў перакладах аўтара артыкула.