Выбрать главу

Мы гаворым пра народы, якія нядаўна здабылі дзяржаўную незалежнасць і пачалі актыўна будаваць сваю нацыянальную культуру. Але гэты працэс павароту мастацтва і літаратуры да фальклору як да вытокаў нацыянальнай самасвядомасці народа — глабальны, ён ахоплівае бадай што ўсе краіны свету, толькі ў кожнай краіне мае свае асаблівасці і сваю ступень інтэнсіўнасці, што залежыць ад гістарычных, сацыяльных, палітычных і іншых фактараў. Цікавыя з'явы ў гэтым сэнсе назіраюцца, як нам здаецца, у шматнацыянальнай літаратуры нашай краіны. У нас ёсць гэтак званыя «младапісьменныя» літаратуры, якія ўзніклі параўнаўча нядаўна і яшчэ вельмі моцна і непасрэдна прывязаны да нацыянальнага фальклору. Некаторыя з іх яшчэ ў значнай ступені знаходзяцца на стадыі апрацоўкі нацыянальнага фальклору і яшчэ не аформіліся канчаткова ў самастойную эстэтычную сістэму. Успомнім творчасць першага прафесійнага мансійскага паэта Ювана Шасталава, у прыватнасці яго «Язычніцкую паэму» — гэта не што іншае, як вершаваны пераказ легендарных сюжэтаў. Успомнім першага пісьменніка ніўхаў Уладзіміра Сангі, які стаў вядомы сваімі апрацоўкамі ніўхскіх міфалагічных легенд і казак. Першы чукоцкі пісьменнік Юрый Рытхэу — сёння літаратар высокага прафесійнага ўзроўню. Але вось што ён піша аб сабе і сваёй творчасці: «...Сур'ёзна задумвацца аб ролі вуснай паэтычнай творчасці я стаў толькі ў пачатку свайго пісьменніцкага шляху. Калі б я ў гэты час не вывучаў гісторыю сусветнай літаратуры, не слухаў лекцыі па фальклору, эстэтыцы і іншых дысцыплінах, магчыма, я не стаў бы задумвацца аб карэннях, глыбінных вытоках, якія павінны былі жывіць маю літаратурную творчасць. А карэнні гэтыя цягнуліся іменна ў вусную народную творчасць. (...) Аповесць «Час таяння снягоў» была пранізана казкамі і легендамі, чутымі мной у дзяцінстве. Я зразумеў, што ў такой кнізе мне проста не абысціся без іх. Надумайся я ачысціць аповесць ад народнага каларыту, ад яе проста нічога б не засталося. І чым далей — тым цяжэй было мне абыходзіцца без фальклору»[4]. Нам здаецца гэта выказванне цікавым і паказальным. Маладая літаратура павінна даць свету ўяўленне пра свой народ, паказаць яго душу і характар, яго самабытную культуру — і лепш за ўсё напачатку зрабіць гэта праз шырокае выкарыстанне фальклору.

Кіргізская літаратура — хаця і належыць у нас да «младапісьменных» — сёння ўжо зусім спелая літаратура. Але яна можа бадай што быць прыкладам у плане той размовы, якую мы вядзём,— у плане сувязяў з фальклорнымі вытокамі. Асабліва, мне здаецца, раўніва ўздымае і трактуе праблему гэтых сувязяў Чынгіз Айтматаў — адзін з самых выдатных сучасных пісьменнікаў сусветнага маштабу. «Найбагатшы эпічны фальклор, пісаў Айтматаў, паслужыў першай крыніцай узнікнення кіргізскай пісьменнай літаратуры і цяпер жывіць яе сваімі сокамі» [5]. Аб справядлівасці гэтых слоў найлепшым чынам сведчыць творчасць самога Ч. Айтматава.

Між іншым, кіргізскі фальклор — адзін з багацейшых у свеце. Толькі гераічны эпас «Манас» налічвае 750000 радкоў — 30 вялізных тамоў па 25000 радкоў у кожным. Падумаем: як павінен пачувацца кіргізскі, інтэлігент, паэт і пісьменнік, ведаючы, якое несмяротнае мастацтва ён прадстаўляе, якая магутная пад ім духоўная і культурная глеба? І як ён павінен да гэтай спадчыны ставіцца? Ці можа ён без яе абыходзіцца? Ці можа ён мірыцца, каб мастацкая культура такога народа заставалася «тэрра інкогніта» і не была адкрыта ўсяму свету? І ці можа ён заадно змірыцца, каб тая тэндэнцыя да уніфікацыі і стандартызацыі, што заяўляе аб сабе ў нашым сучасным жыцці, перамагла, падмяла пад сябе і заглушыла цудоўныя кветы самабытнай нацыянальнай культуры яго народа? Само сабой зразумела, што з гэтым мірыцца ён не можа, калі ён чалавек-грамадзянін і патрыёт.

вернуться

4

Курьер ЮНЕСКО, 1976, № 3, с. 26.

вернуться

5

Литература народов СССР, М., 1966, с. 286.