І таму мы, напрыклад, вельмі добра разумеем і трывогу, і засмучэнне Чынгіза Айтматава, калі ён піша: «Добра, што мае землякі сталі пісьменныя, тэхнікай валодаюць, але засмучае тое, што, па-першае, яны забываюць добрыя народныя традыцыі, па-другое, не заўсёды даражаць сваёй унутранай, самабытнай культурай»[6]. У другім месцы ёп жа гаворыць аб тым, якое сумна-гніблівае ўражанне робяць гэтыя вясельныя «Волгі» з лялькамі, з каляровымі шарамі і стужкамі — усюды аднолькавыя — ад Брэста да Сахаліна. Як хутка гэта страціла сваю прывабнасць іменна таму, што на ўсю краіну уніфікавана і стандартызавана.
Можна было б прывесці дзесяткі і сотні падобных выказванняў, што належаць вядомым пісьменнікам — прадстаўнікам іншых нацыянальных літаратур Саюза, але ў гэтым няма патрэбы. Сэнс іх зводзіцца да аднаго: нацыянальны фальклор і наогул уся духоўная спадчына народа жывіць сучасную культуру і літаратуру, спрыяе іх росквіту і з'яўляецца трывалай апорай у іх процістаянні шкодным тэндэнцыям уніфікацыі і касмапалітызацыя нацыянальнай абязлічанасці, антынароднасці і фармалізму. Пры гэтым — ніхто не адмаўляе вялікай станоўчай ролі прагрэсіўнай сусветнай культуры, наадварот — усе падкрэсліваюць, што без далучэння да яе, без узброенасці яе набыткамі немагчыма па сапраўднаму будаваць сёння сваю нацыянальную культуру.
Але добра — гаворка пакуль што была пра літаратуру гэтак званых «младапісьменных» народаў. Каб не склалася ўражання, што гэтыя пытанні не хвалююць прадстаўнікоў сучаснай рускай літаратуры, спяшаюся сказаць: хвалюе, і нават вельмі. Хто ўважліва сочыць за рускай літаратурай і крытыкай апошняга дзесяцігоддзя, у таго не выклікае сумнення, што і там назіраецца пэўны паварот да «вытокаў» і ў сувязі з гэтым узмацніўся працэс фалькларызацыі. Аформілася цэлая магутная плынь у прозе, якую называюць «вясковай», а саміх пісьменнікаў — «глебавікамі». Вядома, азначэнні гэтыя ўмоўныя, хаця і не выпадковыя. Фактычна, гэта самае таленавітае цяпер ядро рускай прозы: Ф. Абрамаў, В. Шукшын, В. Бялоў, В. Астаф'еў, В. Распуцін, Я. Носаў i iнш. Падобнае ж бачым мы і ў сучаснай рускай паэзіі, асабліва ў творчасці паэтаў таго пакалення, што заявілася ў 50-60-х гадах. Моцна адчуваецца «фальклорная школа» і цяга да фальклорных вытокаў і ў некаторых найбольш таленавітых прадстаўнікоў апошняга выяўленага пакалення.
Чым жа растлумачыць такі ўзмоцнены клопат пра нацыянальныя вытокі і карэнні ў сучаснай рускай літаратуры? Здавалася б, ёй-то, гэтакай вялікай і магутнай, чаго трывожыцца? Пытанне гэта не простае. Але думаецца, што прычына для трывогі і ў рускіх пісьменнікаў тая ж самая. Думаецца, што яна выклікана пэўным паслабленнем у рускай літаратуры народнага пачатку, пэўным паслабленнем сувязяў з вытокамі, з глебай, а іначай сказаць — паслабленнем сувязі пакаленняў. Пачала была песці страты такая галоўнейшая якасць літаратуры, як народнасць. І натуральна, што літаратура, якая заўсёды вызначалася і была моцная духам народнасці, схамянулася і ўстрывожылася. Паслабляць гэтую якасць права ёй не дадзена.
Але хіба можна гаварыць пра народнасць, абмінаючы праблему сувязі літаратуры з фальклорам? На наш погляд — ніяк нельга. Вядома, народнасць і фалькларызм у літаратуры — гэта не адно і тое ж. Атаясамліваць іх не трэба. Фалькларыст І. А. Асавецкі слушна зазначае, што «наяўнасць элементаў фальклору ў літаратурным творы сама па сабе яшчэ не сведчыць аб яго народнасці» [7]. Фалькларызм сам па сабе можа і не быць станоўчай якасцю, у той час як народнасць — абавязкова выдатная якасць літаратуры. Народнасць — адзін з галоўных эстэтычных прынцыпаў літаратуры сацыялістычнага рэалізму. Сэнс яго, як мы ведаем, у тым, што літаратура павінна служыць народу, павінна быць падпарадкавана вялікай мэце, а іменна — працаваць на пабудову камуністычнага грамадства, сцвярджаць ідэалы гэтага грамадства, якія з'яўляюцца народнымі ідэаламі. Значыць, народнасць — гэта тое, што супроцьстаіць безыдэйнасці, беззмястоўнасці, снабізму, фармалізму — усякай творчасці, у якой няма нічога, чым жыве народ — мільённыя масы працоўных. Гэта — тое, што можа быць узята, прынята і засвоена працоўным чалавекам для свайго духоўнага ўзбагачэння, для свайго ідэйна-этычнага і мастацкага развіцця. Уласная творчасць народа — фальклор — служыць іменна гэтаму. Народнай творчасці — калі яна сапраўды народная — безыдэйнай, антыгуманнай, фармалістычнай, беззмястоўнай няма. Аб дробязным і нікчэмным фальклорных твораў няма і не можа быць. Гэта ў аднаго творцы такое можа трапляцца, а тое, што палепшыць мільёнам — пустым і нікчэмным не можа быць, бо пустое і нікчэмнае не можа хваляваць мільёны людзей. Народ — у цэлым — заўсёды жыве вялікім і значным, маральна і сацыяльна істотным. Жыццё народа не можа быць пустым, дробязным. Гэта жыццё адной асобы можа быць (і, на жаль, часта бывае) пустым, дробязным, нікчэмным, вартым жалю, недастойным чалавека. У тым ліку можa быць гэткім і жыццё асобы, якая складае вершы ці піша апавяданні, г. зн. асобы, надзеленай ад прыроды мастацкімі задаткамі. Адсюль вынікае, як важна для пісьменніка яшчэ з маладых гадоў авалодаць народнай свядомасцю, народным светаўспрыманнем і светаразуменнем. Як важна адчуць сябе часцінкай народа, а сваё жыццё — арганічнай часцінкай яго жыцця, яго гісторыі. Як важна ўразумець, гаворачы словамі балгарскага паэта Ніколы Інджова, што «ты ніколі не адзін і ты ніколі не апошні» — «жыццё мільёнаў безыменных ў тваіх артэрыях і венах!». Сапраўды, ты — не адзін, паўкола цябе людзі, твой народ, які быў да цябе і — будзе пасля цябе, ты — не апошні. Ты — толькі звяно ў ланцугу пакаленняў. Ты прадаўжаеш тое, што было да цябе і што будзе прадоўжана наступнікамі, тваімі нашчадкамі. Але ці добра ты ведаеш, што было да цябе? Ці добра разумееш, што ты прадаўжаеш? Ці задумваешся, як прадаўжаеш — у якім кірунку? Ці адпаведна вялікім запаветам дзядоў-прадзедаў? Гэта ўсё пытанні зусім не марныя, пытанні, над якімі кожны літаратар павінен думаць і думаць.
7
Языковые процессы современной русской художественной литературы. Поэзия. М., 1977, с. 130.