А. Адамовіч, гаворачы аб народнасці прозы В. Быкава, зазначыў, што яна перш за ўсё — у народнасці створаных ім характараў, што «сам пісьменнік пра самае запаветнае гаварыць адкрыта як быццам саромеецца. І гэта ў той час, калі так модна клясціся і заклінаць словам «народнасць», «народны» [8]. Клясціся, вядома, не трэба, а калі гэта робіцца модай — то і зусім дрэнна, бо — грэшна. Але гаварыць пра гэта трэба: маўчаць і рабіць выгляд, што такой праблемы няма — нельга. У дачыненні да В. Быкава — усё правільна, ён сапраўды «не распісвае нацыянальны характар накшталт ліштвы ці перніка» (словы A. Адамовіча, у якіх ён палемічны іранізуе пад пашанай да вонкавых нацыянальных атрыбутаў). І мы разумеем — гэта давёў яшчэ паўтараста гадоў назад B. Р. Бялінскі — што народнасць літаратуры не ў распісанай ліштве. Толькі не трэба іранічна-грэбліва адкідваць і ліштву. Аднойчы на сцвярджэнне кагосьці з крытыкаў, што ў нацыянальнай паэзіі важней дух, а не літара, вядомы армянскі паэт Г. Эмін вельмі слушна адказаў: «І дух, і літара, бо дух — у літары!» Сапраўды, дух — не сам па сабе, ён выяўляецца, матэрыялізуецца ў нечым канкрэтным. Змест выяўляецца ў форме. А таму: штосьці ад духоўнасці працоўнага беларуса, ад асаблівасці яго мастацкага густу, ад нашай нацыянальнай эстэтыкі ёсць і ў ліштве. І калі сучасны беларускі пісьменнік прывядзе свайго героя ў родную вёску, то, відавочна, нашу беларускую хату з ліштвамі ён не заменіць нечым іншым — фанзай з папяровымі вокнамі ці чумам са скураным полагам замест дзвярэй.
Вось чаму, справядліва акцэнтуючы ўвагу на важнасці стварэння сапраўды народнага характару, наўрад ці мудра пры гэтым іранічна махаць рукой на тое, сярод чаго і ў штодзённым кантактаванні з чым гэты народны (нацыянальны) характар складваецца, афармляецца. Сёння адкінем як дробязь свае нацыянальныя ўзоры на ліштвах і на ганчарных вырабах, заўтра адмовімся ад нацыянальных строяў, касцюмаў — таксама, маўляў, не вялікая каштоўнасць, паслязаўтра — ад усіх нацыянальных звычаяў і традыцый... Дазволена запытацца: а дзе, на чым мы спынімся ў гэтым адмаўленні? Дзе яму будзе мяжа? Выбачайце, але калі мы рушым гэткім шляхам, то пасля спыніцца ўжо не давядзецца — дойдзем да лагічнага канца. Да поўнага самаадмаўлення. Таму спыніцца трэба цяпер — спыніцца ў здзіўленні: да чаго ж прыгожыя і самабытныя ўзоры-роспісы на беларускіх ліштвах, як добра, што яны ёсць, трэба гэта майстэрства развіваць і далей, як і ўсякае іншае нацыянальнае мастацтва, каб паказаць яго свету і паганарыцца ім перад людзьмі!..
Іншы раз, хаця і не сфармулявана, але, па сутнасці, пытанне ў нашай крытыцы ставіцца так: або — або. Або — літаратура традыцыйная, народна-фальклорная ў аснове, вясковая і, вядома ж, адсталая, або — наватарская, інтэлектуальная, гарадская і, вядома ж, перадавая. А між тым гэтак пытанне ставіць нельга. Калі мы прыгледзімся, напрыклад, да паэзіі нашых дзён, то ўбачым, што сапраўды інтэлектуальная, з багаццем жывых, актуальных думак і пачуццяў, а значыць, і сапраўды сучасная — гэта якраз творчасць паэтаў, якіх зусім не залічаюць да так званых наватараў, да абнаўленняў формы верша, яго складу і ладу. Напрыклад, у пасляваеннай рускай літаратуры я не ведаю паэтычных кніг у большай ступені інтэлектуальных, чым кнігі А. Твардоўскага. Але ж вядома, як цвёрда гэты вялікі рускі паэт трымаўся традыцый, народна-фальклорнай глебы, рускай нацыянальнай духоўнасці, вуснага народнага слова і як усё гэта дапамагала яму быць па-сапраўднаму сучасным, актуальным. Яго творы чыталі і чытаюць нават тыя, хто звычайна паэзіі не чытае. Або возьмем для прыкладу творчасць А. Пысіна: і такое традыцыйнае чатырохрадкоўе, і такія ясныя, зразумелыя тропы, і ўсе знакі прыпынку на месцы, а чытаеш — і бачыш, адчуваеш, разумееш, наколькі гэта ўсё сучаснае, адухоўленае, мудрае, як хораша яго паэзія адказвае на нашы сённяшнія трывогі і хваляванні! Так што інтэлектуальнасці і сучаснасці паэзіі, літаратуры — фальклор не перашкода і не можа быць перашкодай. Наадварот — калі, вядома, фальклор разумець так, як трэба.
Мы кажам: фальклор — гэта духоўная спадчына многіх пакаленняў, у якой — сацыяльны, маральны і эстэтычны вопыт народа, розум і талент народа. Ігнараваць фальклор — значыць адлучыць сябе ад гэтага вопыту, ад інтэлекту і мудрасці мільёнаў людзей, адлучыць сябе ад важнейшай састаўной часткі таго, што У. І. Лепін назваў сумай ведаў, якія выпрацавала чалавецтва і без засваення якіх немагчыма паспяхова будаваць камуністычнае грамадства. Ігнараваць фальклор — значыць ігнараваць гісторыю культуры свайго народа, культуру, якая была да цябе і якую ты прыйшоў развіваць далей. Здаецца, усё гэта настолькі ясна, што можна, як-то кажуць, ставіць на гэтым кропку, і ўсё — дыскуціраваць няма патрэбы. Але кропку ставіць рана. Рана! Бо яшчэ не-не ды і пачуеш голас сумнення: а ўсё-такі ці не цягне нас фальклор назад, ці не затрымлівае ён паступальны рух нашай літаратуры? Пачуеш і голас яўнай недаацэнкі фальклору як мастацкай каштоўнасці, погляд на яго як на прымітыў, і толькі.