Выбрать главу

Паэзія, гаворым мы, павінна быць сучаснай — гэта значыць, усім зместам, настроем, «ладам і складам», мовай яна павінна адпавядаць ідэйна-філасофскім, маральным і эстэтычным патрабаванням сучасніка — перадавога, адукаванага, у поўным сэнсе слова культурнага чалавека нашых дзён. І чым вышэйшая ступень яе адпаведнасці духу сучаснасці — тым большая яе жыццёвая вартасць, тым даражэй яна цэніцца грамадствам. А як жа ўплывае на гэту ступень адпаведнасці фальклор? Наш адказ тут зусім ясны: калі звяртанне да фальклору ў таго ці іншага паэта паслабляе сучаснае гучанне радка — значыць, аўтару проста не хапае сілы для глыбока арганічнай творчай «пераплаўкі» фальклорнага матэрыялу. Сам па сабе фальклор у гэтым ніколькі не вінаваты. Засваенне эстэтыкі і паэтыкі фальклору не можа быць прычынай паслаблення духу сучаснасці гэтак жа, як і засваенне эстэтычнай і паэтычнай культуры Пушкіна, Гётэ, Байрана, Міцкевіча, Шаўчэнкі, Купалы, Боцева, Прэшэрна, Негаша і іншых вялікіх паэтаў мінулага. Па нашаму перакананню — наадварот: мастацкі вопыт народа можа толькі паспрыяць выяўленню духу сучаснасці ў паэзіі, зрабіць яго больш глыбокім і пераканаўчым, можа засцерагчы ад таго, каб сучаснасць гучання не аказалася павярхоўнай, вонкавай адзнакай. Што з таго, што твор будзе выглядзець сучасным, калі сваім ідэйным зместам ён не знаходзіцца ў фарватары магістральнай тэмы нацыянальнай паэзіі — тэмы гістарычнага лёсу народа, яго велічных сённяшніх дзеяў як натуральнага працягу гістарычнага жыцця-быцця папярэднікаў, калі ён не падмацоўвае пераемнасці традыцый духоўнай культуры? Далучэнне да фальклорнай спадчыны нацыі якраз і дапаможа паэту зразумець і ўсвядоміць свой найпершы, самы галоўны творчы абавязак, выбраць верную дарогу, знайсці сваё ўласнае месца ў «рабочым страі».

Права выкарыстання фальклору ў паэзіі ў значнай меры скампраметавалі, спекулюючы на ідэі народнасці, малаздольныя вершатворцы-«стылізатары», пераймальнікі традыцыйных вусна-паэтычных форм. Па гэтай прычыне многія і чытачы і крытыкі загадзя насцярожана ставяцца да твораў, пазначаных сувяззю з фальклорам, гатовыя ўбачыць у іх прымітыў, архаіку, штосьці творча несамастойнае, банальнае і г. д. А гэта вельмі несправядліва — як у дачыненні да фальклору, так і ў дачыненні да паэзіі, калі яна — сапраўдная. Чым буйнейшы талент, тым менш у яго, як правіла, відочных элементаў фалькларызму, а галоўнае — яны «жывуць» у яго творы арганічна, як і ўсякі іншы вобраз ці слова. І наадварот — у творчасці паэтаў нязначнага, слабага таленту фалькларызм непрыемна «выпірае», успрымаецца як нацыянальная экзотыка, як штучна прычэплены арнамент, і сур'ёзнага чытача, вядома, толькі раздражняе. Справа тут, на наш погляд, у тым, што фальклорныя матывы і вобразы не прыдатныя для вонкавага ўпрыгожання, яны заўсёды нясуць у сабе глыбокі жыццёвы сэнс, змястоўную інфармацыю, мудрасць. Значыць, і паслужыць па-сапраўднаму яны могуць толькі таленту, якому падуладны вялікія ідэі народнага жыцця, які здольны ўзбагаціць і развіць паэтычныя традыцыі. Народнасць такога таленту арганічная якасць — гэтакая ж, як і яго нацыянальная своеасаблівасць.

Вядомы літаратуразнаўца акадэмік Панцялеў Зараў, характарызуючы творчасць сучаснага балгарскага паэта Хрысты Радзеўскага, піша: «У Радзеўскага ёсць нешта, што ляжыць у аснове яго асобы і напамінае лепшыя якасці нашага народнага характару. (...) Ён народны не столькі дзякуючы стракатаму фальклорнаму ўбору паэтычнага слова, колькі дзякуючы сваёй пазіцыі барацьбіта, мужнага партыйнага паэта» [21].

Сказанае П. Заравым пра Хр. Радзеўскага можна цалкам прьшласці і да творчага характару многіх-многіх іншых сучасных паэтаў, і не толькі балгарскіх. Што ж датычыць стракатага фальклорнага ўбору — дык яно можа быць адзнакай псеўданароднасці і павярхоўнага знаёмства з вуснапаэтычнай творчасцю працоўных. Глыбока ўжыцца ў фальклор — значыць, спасцігнуць і зрабіць сваім народнае светаўспрыманне і светаразуменне, народную філасофію і мараль. Толькі калі ёсць гэта — тады і выкарыстанне фальклорных вобразаў ці матываў можа прынесці вялікі плён. Засваенне скарбаў фальклору паэтамі сапраўднымі, глыбокімі не зводзіць апошніх на ўзровень калектыўнага «фальклорнага» мыслення, г. зн. не забівае іх творчай асабовасці, а наадварот — дапамагае яе выяўленню.

вернуться

21

Зарев П. Панорама болгарской литературы. М., 1976, т. 2, с. 278.