Абапірацца на нацыянальны фальклор — значыць, абапірацца на духоўную гісторыю народа. А чаго варта паэзія без такой апоры, без карэння ў мінулым, у той духоўнай і культурнай глебе, што ўтвараецца, як і глеба на паверхні зямлі, стагоддзямі? Адчуванне «каранёў», сувязі з роднай зямлёю жывіць у душы сённяшняга балгарскага паэта, па-першае, яго патрыятычны настрой, ахоўны ў дачыненні да скарбаў нацыянальнай культуры, а па-другое,— яго пратэст супроць абязлічвання, касмапалітызму і абстракцыянізму ў мастацтве, супроць «творчасці» антыгуманнай, чужой і варожай чалавеку працы. Яго свядомая вернасць «вытокам» грунтуецца на перакананні, што гэта не звужае і не можа звужаць агульначалавечага зместу паэзіі.
Знакамітая Элісавета Баграна, выступаючы ў Сафіі на Трэцяй нацыянальнай канферэнцыі маладых літаратурных творцаў, звярнулася да маладой змены з такім характэрным пажаданнем: «Калі я выходзіла ў дарогу, мая маці блаславіла мяне сцяблінкай «здравеца» (герані) — гэтай нашай лясной кветкі, самай любімай у народзе і ўслаўленай у нашай народнай творчасці, як нідзе больш, якая сімвалізуе жыццёвую сілу, здароўе, свежасць. Так і я цяпер, як мая маці і як усе балгарскія маці калісьці, праводзячы вас у цяжкую і стромкую дарогу творчасці, падношу вам сваё пажаданне як маленькую сцяблінку «здравеца». Каб былі здаровыя, каб мелі, як «здравец», моцныя карані ў нашай балгарскай глебе!» [22]
Так разумеюць сваю сувязь з духоўнай нацыянальнай глебай усе найбольш таленавітыя майстры паэтычнага слова ў Балгарыі.
На наш погляд, сітуацыя «лірыка і фальклор» у Балгарыі ў цэлым блізка нагадвае сітуацыю беларускую: вернасць народна-фальклорным вытокам, натуральнае кантактаванне з жывымі ўзорамі вуснапаэтычнай скарбніцы, відочная цяга да трапнага, вобразнага народнага слова і свабоднае, упэўненае абыходжанне з ім,— усё гэта характарызуе і творчасць лепшых сучасных лірыкаў балгарскіх.
Некалі А. Твардоўскі сказаў, што чытаць беларускую паэзію — усё адно што ісці босаму па росным лузе і свежай раллі,— настолькі яна шчырая, непасрэдная, зямная. Настолькі яна — іначай сказаць — не кніжная, не залітаратураная, не снабісцка-гурманская зместам і духам. І канечне ж, у зберажэнні і захаванні ёю гэтых выдатных якасцей не ў малой меры «вінаваты» нацыянальны фальклор,— дакладней, непарыўная сувязь яе творцаў з вуснапаэтычнымі нацыянальнымі традыцыямі. Думаю, што сказанае не ў меншай меры, чым беларускай, датычыць і паэзіі балгарскай. Паспрабуем жа прасачыць характар яе сувязей з фальклорам на некаторых канкрэтных паэтычных імёнах.
Французскі пісьменнік П'ер Гамара, характарызуючы творчасць Любаміра Леўчава, гаворыць, што за ёю «адчуваецца балгарская паэтычная традыцыя» і што пры ўсёй сваёй вернай чуйнасці да еўрапейскай і савецкай паэзіі Леўчаў «застаецца балгарынам» [23]. Звернем увагу: не фальклорнай і не літаратурнай называе традыцыю Гамара, а — балгарскай паэтычнай. І гэта зусім слушна, бо ў Балгарыі, як дарэчы і ў Беларусі, літаратурная паэзія непасрэдна прадоўжыла народную — юнацкія і гайдуцкія эпічныя песні, абрадавую і пазаабрадавую лірыку, і таму ўтварылася адно непарыўнае цэлае, адна вялікая нацыянальная паэтычная традыцыя. Геніяльны Боцеў, як вядома, быў апошнім народным песняром і першым прафесіянальным літаратурным паэтам.
У Леўчава мы рашуча не знойдзем фальклорных цытат або перайманняў, і наогул — слядоў фальклорнай паэтыкі, архаічнай вуснапаэтычнай лексікі і фразеалогіі. Яго мастацкі стыль і мова — падкрэслена сучасныя, мотафарыстыка — арыгінальная, інтанацыі — прамоўніцка-трыбунныя, рытмы — нервова-напружаныя, перабойна-пульсуючыя. І ўсё-такі — абавязкова трэба гаварыць пра вернасць паэта вялікім запаветам Боцева і Вазава, Яварава і Вапцарава, а гэта азначае ўрэшце — і вернасць запаветам безыменных народных творцаў.
Гэта ж можна сказаць і пра паэзію Андрэя Германава — таксама аднаго з найбольш выдатных прадстаўнікоў «красавіцкага пакалення» балгарскіх паэтаў. І для яго зусім не характэрна карыстанне гатовымі фальклорнымі формуламі, стылізаваным пад фальклор слоўнікам. А між тым — Германаў слыве ў сучаснай балгарскай паэзіі «традыцыяналістам». І гэта правільна — у тым сэнсе, што ён працягвае самыя плённыя традыцыі нацыянальнай літаратуры, а іменна — традыцыі народнасці і грамадзянскасці, дэмакратычнасці і гуманізму, праўдзівасці і высокай прастаты. Іранічна-паблажлівае адценне, якое часам надаецца слову «традыцыяналіст», у дачыненні да А. Германава абсалютна не падыходзіць — гэта талент цалкам арыгінальны, глыбокі і яркі. А глыбіню і яркасць яго паэзіі якраз і надае вернасць чыстым вытокам народнага жыцця, трывалая сувязь з роднай зямлёй — з той духоўнай, маральнай і эстэтычнай глебай, якою з'яўляецца для літаратуры паэтычная спадчына народа.