Выбрать главу

Падобны ў цэлым характар узаемаадносін з фальклорам (зразумела, пры пэўных прыватных адрозненнях) уласцівы і для такіх вядомых паэтаў сярэдняга пакалення, як Дзімітр Мятодзіеў, Іван Давыдкаў, Павел Мацеў, Станка Пенчава, Ліляна Стэфанава, Пырван Стэфанаў, Петр Караангаў, Нікола Інджоў, Дамян Дамянаў, Ніно Ніколаў, Дзімітр Стэфанаў, Петр Аліпіеў, Нікалай Хрыстозаў, Міхаіл Бербераў, як самабытны паэт-сатырык Марка Ганчаў і іншыя. Агульнае ў іх тое, што ўсе яны, як правіла, пазбягаюць відочнай вонкавай пераклічкі з фальклорам, з яго вобразамі, элементамі паэтыкі, мовай — адступленні ад гэтага правіла ў іх нязначныя. Галоўнае для іх — народны светапогляд і светаўспрыманне, народны характар лірычнага героя, дыханне ў творы народнай філасофіі і маралі.

Който е мъж — да мълчи Който е баба — да плаче. Мокрите мъжки очи Нямат цена за петаче. Сухи очите пази, Както се пази барута. Пламъци вместо сълзи Късай от болката люта.

(Хто мужчына — няхай маўчыць, хто баба — няхай плача. Мокрыя вочы мужчыны не варты і пятака. Вочы сухімі трымай, як трымаюць порах. Іскры заместа слёз выкрасай з лютага болю.) [24] Гэтыя дзве страфы з верша П. Стэфанава «Верую» — з характэрнымі для народнага мыслення супастаўленнямі, ацэнкамі і азначэннямі — на наш погляд, могуць паслужыць дастатковай пераканаўчай ілюстрацыяй да вышэй сказанага.

Разам з тым у сучаснай балгарскай паэзіі ёсць самабытныя і моцныя таленты, плён якіх нясе на сабе знакі прычашчэння да фальклорных крыніц больш выразныя, відочныя. Гэта, напрыклад, такія паэты, як Георгі Джагараў, Слаў Хр. Караславаў, Эўцім Эўцімаў, Анастас Стаянаў, Іван Дзінкаў і інш. У сваёй творчасці яны досыць часта звяртаюцца ці да матываў і вобразаў нацыянальнага фальклору, ці да прыёму мастацкага адлюстравання, рытмаў і інтанацый фальклорнага паходжання, ці да народна-паэтычнай фразеалогіі і лексікі. Дарэчы, варта зазначыць, што творчая ўвага гэтых паэтаў у ідэйна-тэматычным плане сканцэнтравана пераважна на патрыятычна-нацыянальных і гісторыка-рэвалюцыйных матывах, а гэта ўжо дае права на пастаноўку іншага, новага пытання: ці выпадковая такая залежнасць паміж асаблівасцю зместу і асаблівасцю мастацкай формы?

Сярод тых, хто паспяхова «прайшоў» эстэтычную школу нацыянальнага фальклору — вядомы паэт і празаік Слаў Хр. Караславаў. Вось сведчанні трох сучасных даследчыкаў ягонай творчасці. Ст Калараў: «Ён узгадаваны дзедаўскімі гайдуцкімі песнямі», «балгарскія карані паэта неразрыўна трывалыя, гайдуцкая закваска яго духу мае сілу запавета» [25]. В. Колеўскі: традыцыі бацькоў і дзядоў «паэт успрымае як сваю найвялікшую спадчыну», «святою святых для яго застаецца маральная ацэнка працоўнага народа» [26]. Г. Грыгораў: «Паэзія Слава Хр. Караславава чэрпае жыццёвыя сокі з яго здаровага балгарскага пачуцця, з яго чыстых патрыятычных памкненняў, з яго адкрытай любові да зямнога, чалавечага, народнага» [27].

Бадай што ні ў кога з сучасных балгарскіх паэтаў лірычны герой не вяртаецца так часта ў свет вясковага дзяцінства, як у Сл. Хр. Караславава. Але ж гэты свет не існаваў без старажытных народных звычаяў і абрадаў, без гайды і харо, без песень і казак, легенд і паданняў. «У гарадах жыву, а па простай песні сумую»,— прызнаецца паэт у адным вершы,— «матыў дуды дрэмле ў маіх грудзях»,— дапаўняе сваё прызнанне ў другім. Больш таго: ён упэўнены, што ў і сэрцах дзяцей, новых пакаленняў, жыве гэтакая ж вернасць духоўнай спадчыне продкаў — вернасць вытокам патрыятычнага балгарскага духу: «Ва ўсмешках нашых дзяцей гучыць голас медных кавалаў» [28]. Спеў кавала, па слушнаму сцверджанню таго ж В. Колеўскага, і сёння застаецца «асноўным матывам» у творчасці гэтага зусім не старамоднага, не архаічнага, а вельмі сучаснага, сацыяльна і палітычна заангажыраванага паэта.

вернуться

24

Паэтычныя і падрадкоўныя пераклады цытат з вершаў належаць аўтару артыкула.

вернуться

25

Литературен фронт, 1977, 18 жн.

вернуться

26

Пламък, 1976, № 3, с. 109.

вернуться

27

Септември, 1975, № 1, с. 154.

вернуться

28

Кавал — балгарскі нацыянальны музычны інструмент у выглядзе разборнай дудкі з трох частак; поруч з гайдай — сімвал народнай музыкі і мастацтва.