Паэтыка Сл. Хр. Караславава блізкая да фальклорнай — характар параўнанняў, эпітэтаў, метафар, іншых тропаў выдае «крэўную роднасць» іх аўтара з безыменнымі творцамі народных паэтычных скарбаў. Ды і сама лексіка, і фразеалогія, і сінтаксіс выразна паказваюць на «дэмакратычнае», зямное нараджэнне паэтычнага радка, на жыццёва-народны выток натхнення.
Шчодра чэрпае з нацыянальнага фальклору таленавіты лірык Эўцім Эўцімаў. Духам гераічнага народнага і эпасу прасякнута яго кніга «Пірынскія балады». У лепшай з іх — «Вяселле Антона» — пра бясстрашнага падпольшчыка-камуніста, які перад расстрэлам, у камеры турмы, узяў шлюб са сваёй нявестай,— смерць героя, цалкам у традыцыі народных песень і галашэнняў, падаецца ў вобразе вяселля, на якім яна «заместа святочных цукерак сыпане кулямі», а замест «мелнікскага чырвонага віна» — чашы напоўніць крывёю. У баладзе «Пахаваная кашуля» скарыстаны вядомы фальклорна-песенны сюжэт: з вайны прывозяць жонцы акрываўленую кашулю мужа (у Эўцімава — кашулю сына — «з дзвюма чорнымі, крывавымі плямамі» — атрымала маці). «Балада пра Балгарыю» (з кнігі «Любоў за любоў») — творчае, арыгінальнае пераасэнсаванне пашыранага ў фальклоры розных народаў матыву: на магіле героя (гераіні) вырастае незвычайнае, дзіўнае дрэва, якое сімвалізуе несмяротнасць пачуцця або ідэі. Арэхавае дрэва на магіле батакскай дзяўчынкі, якое прарасло з арэшка, што быў у руцэ няшчаснай, калі яе загубілі чужынцы,— гэта сімвал Балгарыі, «уваскрэсленай з магілы» легендарнага Батана.
Так гераічны і трагічны лёс народа і бацькаўшчыны знаходзіць яркае мастацкае ўвасабленне ў песнях сучаснага паэта, дзякуючы разумнай апоры на багатыя фальклорныя традыцыі.
Уплыў народна-песеннай паэтыкі прыкметны і ў кнізе лірыкі Э. Эўцімава «Арліныя кругі» (1977).
У вершы, які даў назву кнізе, Э. Эўцімаў у арыгінальным паэтычным вобразе ўвасабляе ідэю высокай адухоўленасці і акрыленасці мастацтва: пранізаны куляй арол падае долу, але з яго косці майстар робіць народны музычны інструмент — дудачку, і людзі слухаюць чароўныя мелодыі песень.
У капцы 70-х гадоў Э. Эўцімаў апублікаваў у перыядычным друку некалькі цыклаў вершаў над характэрнай жанравай рубрыкай «Абрадавыя песні», якія склалі яго новую кнігу (выйшла пад гэтай жа назвай). Паэт і раней досыць часта звяртаўся да канкрэтных рэалій балгарскага нацыянальнага быту, на гэты ж раз ён наважыў цалкам зыходзіць з традыцыйных народных абрадаў і звычаяў, павер'яў і прыкмет, варажбы і чараўніцтва, нават выкарыстоўвае дзіцячыя гульні і забавы. Зразумела, што выцягненне «на свет божы» старажытнай этнаграфічна-фальклорнай даўніны само па сабе сёння не можа быць творчай задачай для сур'ёзнага паэта, і таму аўтар імкнецца абавязкова надаць традыцыйнаму вобразу сучаснае гучанне, напоўніць яго новым ідэйна-эмацыянальным зместам, выявіць з яго дапамогай нейкія істотныя рысы духоўнага свету свайго лірычнага героя. Не ва ўсіх вершах гэта яму ўдалося, у некаторых выпадках сэнсавае абнаўленне абрадава-бытавой дэталі выглядае крыху штучным, але ў прынцыпе творчая задума аўтара ўяўляецца нам цікавай і плённай.
Натуральна, што ў «Абрадавых песнях» Э. Эўцімаў часцей, чым у іншых творах, карыстаецца сродкамі фальклорнай паэтыкі — сталымі эпітэтамі (черна земя, ясен ден, ясна звезда, бяла луна, черен въглен, черно грозде, вити вежди, зелена трева, бели ветрове, темни дубрави), паўторамі (при светъл ден, при вечер свечерена), характэрнымі для фальклорнай мовы азначэннямі ў форме прыдатка (трева-вратика, ветрове-горяни).
Паэт Іван Дзінкаў у сваіх творчых пошуках нязменна арыентуецца на традыцыі нацыянальнага гераічнага эпасу, гайдуцкіх песень і легенд. Гэта лёгка адчуць і ў яго даўняй кнізе «Эпапея незабыўных» (1965), многія вершы якой, гаворачы словамі крытыка Я. Молхава, выліліся «як народнае пачуццё і як народная песня» [29] і ў яго апошнім зборніку «Антыкварныя вершы» (1977). Сувязь І. Дзінкава з народна-паэтычнай творчасцю больш глыбінная, унутраная, вонкавая — у мове, у стылістыцы яна выяўляецца рэдка. Чытаючы творы гэтага аўтара, адчуваеш дыханне вялікіх эпічных эпох, адчуваеш характар сілы і размаху «кралемаркаўскага», гайдуцкага, характар валявы і суровы, з бліскавічным жыханнем думкі і няўрымслівым пачуццём.