Выбрать главу
Не мога повече! Не искам! Омръзна ми да се разисквам! Омръзна ми да слушам думички — Такива малки, като гумички: Че еди кой си се завръща, Че еди кой си купил къща, Че стихове сенат поетите, Тъй както се секат монетите!..

(«Не магу больш! Не Хачу! Збрыдзела мне сябе разглядаць! Збрыдзела мне слухаць слоўцы — такія дробныя, як жавальныя гумкі: што хтось вяртаецца да жонкі, што хтосьці купіў сабе хату, што чаканяць вершы паэты так, як чаканяцца манеты!..»)

Надзвычай прывабная грамадзянская пазіцыя! Варта толькі дадаць, што «дробных слоўцаў» (за якімі — дробныя думкі і пачуцці) не церпіць і вялікая вусная паэзія народа, дробных слоўцаў няма ў юнацкіх і гайдуцкіх песнях, у легендах і паданнях, дух якіх асабліва блізкі І. Дзінкаву.

Нядаўна ў адным інтэрв'ю Чынгіз Айтматаў — перакананы і ваяўнічы прыхільнік творчай дружбы літаратуры з фальклорам — сказаў: «...Сацыяльна-маральны вопыт, у міфах або легендах заключаны, зусім не воблачна-пастаральны, а, як правіла, драматычны, нават нярэдка трагічны. Гэта часцей за ўсё кроватачывы летапіс бед і пакут народа» [30]. Дык вось паэта І. Дзінкава глыбей, чым які іншы, хвалюе іменна такі — драматычны і трагічны — вопыт народнага жыцця-быцця, і таму з паэтычнага летапісу народнага лёсу ён адбірае для сябе штрыхі і фарбы пераважна суровыя, «кроватачывыя». Як, напрыклад, у вершы «Традыцыя», у якім сваю любую радзіму Балгарыю ён характарызуе як зямлю, «на якой заўсёды мужчынскага мяса для крумкачоў хапала». У гэтай інтанацыі — сапраўдны Дзінкаў, паэт, які «сваё месца ў жыцці бачыць не як «сенатар у паэзіі», а як пясняр «народнага болю» [31].

Вернасцю духу гераічнай паэзіі, гайдуцкіх песень і легенд, вызначаецца і творчасць такіх выдатных і розных паэтаў, як Георгі Джагараў і Анастас Стаянаў. У характары лірычнага героя Джагарава ёсць вельмі многа чаго ад колішняга гайдука — бунтоўнасць і свабодалюбства, мужнасць і сяброўская вернасць, фанатычная любоў да бацькаўшчыны і апантана-бязлітасная нянавісць да яе ворагаў.

І я не сплю, о не! Стаю на варце. Чакаю, калі ты са схову выйдзеш. І ты нарэшце выйдзеш, чорт вазьмі! І люты гнеў разбудзіш ува мне. І як казалі людзі ў нас даўней: Тады старая пушча паглядзіць, Як косці трушчацца і пух ляціць! («Папярэджанне»)

Ну, чым не гайдук — гэты суровы і грозны абаронца інтарэсаў Радзімы? Гайдук самы сапраўдны, толькі — перакінуты ў сучаснасць, у наша неспакойнае, поўнае драматычных калізій, сёння.

Аналізуючы верш Г. Джагарава «Паэзія», акадэмік П. Зараў зусім справядліва зазначыў: «Нешта вельмі сучаснае і разам з тым глыбока фальклорнае гучыць у гэтых радках» [32]. Іменна глыбока фальклорнае', з акцэнтам на слове «глыбока», бо пра фальклор у гэтым творы паэта, як і ў многіх іншых, можна гаварыць толькі як пра «закваску», чаго не бачыш, але адчуваеш. Цікава, што ў сваіх разважаннях пра ідэйна-эстэтычныя вытокі лірыкі Г. Джагарава той жа П. Зараў называе разам «традыцыі Боцева і Яварава, нашай народнай песні, савецкай гераічнай паэзіі» [33].

Побач — балгарская народная песня і гераічная савецкая паэзія! Як дзве крыніцы, што натуральна і проста зліваюцца ў адзін ручай. Якое знамянальнае прызнанне і заслуг савецкай паэзіі і такіх яе выдатных якасцей, як глыбокая народнасць і гераічны пафас!

Адзін са спосабаў выкарыстання традыцыйнага фальклору ў Г. Джагарава — абнаўленне старой народна-паэтычнай сімволікі, увядзенне ў сучасны ідэйна-сацыяльны кантэкст сталага фальклорнага вобраза і яго актывізацыя на ўзроўні новай творчай задачы. Так адвечны фальклорны сімвал вясны — спеў птушак — у Джагарава сімвалізуе творчы парыў маладога пакалення паэтаў, якое вельмі ўпэўнена заявіла аб сабе ва ўмовах абнаўлення культурна-грамадскай атмасферы ў краіне пасля вядомага красавіцкага (1956) пленума ЦК БКП (верш «Прадвесне»),

Паэт выразна рамантычнага складу А. Стаянаў не толькі адкрыта наследуе высокі дух гайдуцкіх песень, але і смела ўводзіць у верш народна-песенныя інтанацыі, рытмы, вобразы, моўна-выяўленчыя сродкі. Яго зборнік «Называйце мяне вечнасцю або імгненнем» (1966), па словах Я. Молхава, літаральна «спярэшчаны фальклорнымі інкрустацыямі» [34]. Гэта тым больш цікава падкрэсліць, што А. Стаянава не абвінаваціш у стылізацыі, яго лірыка ў сучаснай балгарскай літаратуры — з'ява несумненна самастойнага значэння.

вернуться

30

Литературная газета, 1978, 29 сак.

вернуться

31

Петров З. Поезия с характер.— Пулс, 1977, 6 снеж.

вернуться

32

Зарев П. Панорама болгарской литературы. М., 1976, т. 2, с. 449.

вернуться

33

Там жа.

вернуться

34

Пламък, 1976, № 6, с. 190.