Выбрать главу

Які моцны ідэйна-мастацкі эфект можа даць творчая смеласць у абыходжанні з фальклорам, сведчыць верш балгарскага паэта старэйшага пакалення Крума Ненева «Самадзіва» з нізкі «Фальклорны альбом», апублікаванай у часопісе «Пламък». (Звернем увагу на назву ўсёй нізкі!) Самадзіва (або іначай самавіла) у балгарскім фальклоры — «родная сястра» нашай усходнеславянскай русалкі. Колькі народных міфічных песень і паданняў звязаны з гэтым вобразам, колькі паэтаў — ад Боцева і да нашых дзён — уводзілі яго ў сваю лірыку, увасабляючы ў ім вечна загадкавую і неадольную сілу жаночага хараства, прывабнасці, ачаравання! І для ўсіх пакаленняў творцаў яна, самадзіва, была несмяротнай — як несмяротнае жыццё прыроды, як несмяротная песня і казка. Гэта настолькі разумелася само сабой, што і ў галаву нікому не прыходзіла, каб самадзіва ды аказалася мёртвай. І ўсё-такі яе забілі. Сёння. У наш тэхнічны, энтээраўскі век!

Там, където изворът край черквата клокочи, с бяла риза с алей знак под лявата и пенка, проспали я мъртва върху каменнае плочи три пияни звяра подир кървава седенка. Дядо, събуди гъдулката, да помечтая. С вино да полея корените на тъгата. Вчера вечер идва сянката и в мойта стая и поръча да измия и кръвта и свята!..

(«Там, дзе крыніца ля царквы булькоча, у белай сарочцы з ярка-чырвонай плямкай пад левым саском распасцерлі яе мёртвую на каменных плітах тры п'яныя звяры пасля крывавай пасядзелкі. Дзедусь, разбудзі свае гуслі, каб я мог памарыць. Ды віном паліць карані свайго суму. Учора вечарам прыйшоў яе цень да мяне ў пакой і папрасіў адмыць яе кроў святую!..»)

Перавёўшы казку, міф у рэальны план, паэт дасягнуў мастацкага эфекту незвычайнай сілы ўражання. Самадзіву забілі п'яныя дзікуны — як браканьеры касулю ці лань лясную, як бандыты-гвалтаўнікі — самотную дзяўчыну ў дарозе! Ад усведамлення гэтага факта ўсё ў нас у душы пратэстуе. Ды гэта ж немагчыма, каб самадзіва была загублена! Каб была загублена, знішчана жывая краса прыроды, каб была загублена паэзія казкі і песні!.. І мы пачынаем з большай, чым дагэтуль, трывогай думаць пра такія актуальныя праблемы сучаснасці, як адносіны чалавека да акаляючага асяроддзя і — да духоўнай спадчыны народа, да фальклору...

Усё, як бачым, залежыць ад арыгінальнасці паэтычнай задумы і ступені творчага асваення звыклых, устойлівых фальклорных атрыбутаў. Паэт Іван Бурын апублікаваў у часопісе «Пламък» (1975, № 11) падборку вершаў, сярод якіх — «Две гугутки гугукат в клонака» («Голуб з галубкай буркочуць у голлі») і «Здравец» («Герань»). Першы з іх — варыяцыя на вельмі пашыраную ў фальклоры розных народаў тэму голуба і галубкі, любоўнага мілавання гэтай неразлучнай пары закаханых. Хоць у вершы ўказваецца на «душны жнівеньскі адпаўднёвік» і прысутнічае лірычнае «я» — твору ўсё-такі не хапае самастойнага паэтычнага адкрыцця, варыяцыя не дабаўляе нічога новага да зместу вядомага вобраза. Творчага пераасэнсавання ці абнаўлення традыцыйнай сімволікі не адбылося. У другім вершы ёсць і эпіграф з народнай песні пра герань, і некаторыя радкі выглядаюць яўнымі фальклорнымі цытатамі («а герань — зіму і лета ўсё зялёная, усё зялёная, лесе, усё крывавая»),— тым не менш твор мае самастойны паэтычны змест: гэта яркі сюжэтны малюнак з жыцця прыроды.

У прамой залежнасці ад паслаблення сувязі з народна-фальклорнымі асновамі знаходзіцца, на нашу думку, і разбурэнне формы і сучаснага лірычнага верша, якое ўжо доўгі час назіраецца ў некаторых славянскіх літаратурах. Расхістанне рытміка-інтанацыйнай і кампазіцыйнай арганізацыі верша апошняму ніяк не пайшло на карысць. Слушна гаворыць пра гэта славенскі паэт Я. Менарт: «Упарадкаванае пісьмо (рытм, страфа, рыфма і г. д.) авангардысцкаму крытыку здаецца старамодным хламам. (...) Думаю, аднак, што добрага верша без добрай формы не бывае. Таму ні «верш у прозе», ні «рытмізаваная проза», ні вершаванымі радкамі друкаваная проза для мяне не паэзія» [35]. Адной з важных аб'ектыўных прычын, чаму не трэба культываваць у славянскай паэзіі верлібр, Я. Менарт лічыць асаблівасці развіцця нацыянальнай мовы. «Думаю, што ў сваім перабольшаным страху перад культурным адставаннем мы не павінны слепа раўняцца на паэзію, створаную ў іншых асяроддзях і ў іншых мовах, якія маюць за сабой ужо тысячагоддзі вершаванай творчасці. Можа, для іх і патрэбна было спрасціць жанравыя і моўныя формы, што ад празмерна доўгага ўжытку магчыма залішне знасіліся ці акасцянелі. (...). У нашай мове... у параўнанні з тымі другімі было напісана так нядбайна мала паэзіі, што яе фармальныя магчымасці з увагі на «зношанасць» практычна невымерныя» [36].

вернуться

35

Prstr in cas, 1973, № 1—2, с. 44.

вернуться

36

Там жа, с. 44-45.