Думаецца, што гэта меркаванне справядлівае і ў стасунку да мовы і паэзіі іншых славянскіх народаў. Ва ўсякім разе, цікава і паказальна, што нават у такой моцна развітай паэзіі, як руская, верлібр на сучасным этапе што называецца «не прайшоў». Модай не зрабіўся. Адзінкавыя спробы (напрыклад, у Ул. Салавухіна) так і засталіся спробамі. Няма сумнення, што памагла ўратаваць самабытную цудоўную рускую паэзію ад гэтага апрасцення і нівеліроўкі, апрача ўсяго іншага, і яе вернасць традыцыям, яе спрадвечная народна-песенная прырода. Не прышчапіўся празаізаваны свабодны верш і ў беларускай паэзіі — па тых жа, думаю, прычынах, што і ў рускай (фактычна адзін Максім Танк паслядоўна звяртаецца да гэтай «бясформеннай» формы, яго верлібры — гэта экспромты яркага парадаксальна-афарыстычнага мыслення, якія менавіта так і ўспрымаюцца). Больш значнае пашырэнне набыў у 60-70-я гады верлібр у Балгарыі. Спрыяла гэтаму і тая акалічнасць, што з тэарэтычнымі платформамі ў яго падтрымку выступілі некаторыя вядомыя паэты. Паварот да верлібра быў абвешчаны рухам да нацыянальных вытокаў балгарскага верша, да яго сапраўднай, уласна балгарскай, мастацкай прыроды. Так, Ул. Башаў сцвярджаў, што гэтак званы «класічны верш» — «зусім нядаўняя з'ява ў балгарскай літаратуры. Ён не з'яўляецца прадуктам балгарскай мовы і балгарскай псіхікі. Ён прыйшоў звонку. Ён абавязкова адыдзе. І каб не давялося зноў купляць усё на чужыне, добра было б нам узяцца за распрацоўку ўласнай гаспадаркі — фальклору» [37].
Яшчэ больш катэгарычна выказаўся пазней у гэтым жа духу Дзімітр Дублеў: «Паэты па праву вызвалілі нашу мову ад чужога ўплыву і адкрылі больш нармальнае і натуральнае вымаўленне на балгарскай мове. (...) Свабодны верш ёсць выраз нашай нацыянальнай незалежнасці» [38].
Аднак гарачыя апалогіі верлібра як нібыта спаконвечнага балгарскага верша не дапамаглі — ён відочна пайшоў на спад, хаця многія, асабліва чамусьці паэтэсы, працягваюць карыстацца ім. Паэзія, як вядома, ідзе сваім шляхам, падпарадкуючыся эстэтычным законам часу. У празмерным захапленні верлібрам і крытыкі і чытачы хутчэй, чым адраджэнне нацыянальных асноў паэзіі, убачылі рэальную небяспеку яе нівеліроўкі і стандартызацыі. Ды і ці шмат агульнага ў балгарскага народна-песеннага верша з сучасным верлібрам? Гэтае пытанне заслугоўвае, нам здаецца, падыходу больш сур'ёзнага і ўважлівага. Выдатны пісьменнік і знаўца вуснай народнай творчасці Ілія Волен аднойчы зазначыў: «На мяне заўсёды рабіла ўражанне, што сам народ настроены гаварыць рытмічна — падкрэсліваю, не толькі пець, а і гаварыць!» [39]. Мабыць жа, з гэтай схільнасцю самога народа — не толькі пець, а нават і гаварыць складна, рытмічна арганізаванай мовай, а то і ў рыфму,— трэба лічыцца?
Да таго ж варта помніць, што балгарскі верш з часоў Боцева значна ўзбагаціўся ў сваім развіцці — праз сусветную і рускую паэтычную культуру — і што гэта ўзбагачэнне было натуральным працэсам (пра ніякі прымус гаварыць не прыходзіцца), было вынікам паступальнага руху жыцця і паэзіі. Дык жа не адмаўляцца ад дасягнутага!
Нават абеглы пагляд на сувязь сучаснай балгарскай лірыкі з фальклорам дазваляе зрабіць вывад, што і сёння прычашчэнне з жыватворных крыніц вуснай народнай творчасці з'яўляецца для паэзіі ў вышэйшай ступені плённым і што засваенне багаццяў і ўрокаў мастацкай творчасці народа ёсць і застаецца задачай першачарговай важнасці для ўсякага сур'ёзнага паэта. А перш за ўсё — засваенне таго ўрока, пра які добра сказаў толькі што спамянуты мудры балгарын Ілія Волен: «Народны пясняр не мог не стварыць песню пра Балканджы Йова, якая настолькі блізкая да пакут і гора народа, што ўяўляе сабою нешта паміж плачам і песняй. Ні аднаго радка непражытага, ні аднаго слова нявыплаканага» [40] (падкрэслена мной.— Н. Г.). Так і ў сапраўднага паэта: ні радка і ні слова — якія не выплеснуліся з душы і сэрца Чалавека, Патрыёта, Грамадзяніна.
1978
Урок пакут, бясстрашнасці і бяссмерця
Балгарская паэзія аб антыфашысцкай барацьбе ў гады другой сусветнай вайны — вельмі прыкметная і яркая старонка ў гісторыі нацыянальнай літаратуры XX стагоддзя — старонка, якая яшчэ далёка не дапісана да канца і невядома, ці будзе калі дапісана. Паэзія гэта цікавая і дарагая для нас перш за ўсё тым, што яна раскрывае такія выдатныя рысы характару братняга народа, як свабодалюбства і патрыятызм, пачуццё гуманізму і ўсведамленне інтэрнацыянальнага абавязку ў агульнай барацьбе працоўных свету супроць сіл агрэсіі і цемрашальства. Гэта паэзія народа, які ў цяжкі і суровы час, насуперак намаганням здрадніцкага прафашысцкага ўрада, не паставіў на ўсходні гітлераўскі фронт ні аднаго салдата, які па ўсіх гарадах і сёлах — пад кіраўніцтвам БКП, у арганізацыях Айчыннага фронту — разгарнуў актыўную падпольную барацьбу за падтрымку Савецкага Саюза, аказаў упартае супраціўленне ненавіснаму рэжыму, адправіўшы ў лясы і горы — у атрады народных мсціўцаў — дзесяткі тысяч лепшых сыноў і дачок.