Выбрать главу

Вось перацягнуўшы заламаную, відаць, віхурай, ніштаватую галіну дрэва, наваліў ён яе на тую магілу, дзе гарэла свечка, і пайшоў па сцяжынцы. Малады дубовы лес пачаў рабіцца радзей; мільгнуў заплот. «Ну, так! ці не гаварыў я», падумаў дзед: «што гэта папова левада. Вось і заплот яго! цяпер і вярсты няма да баштана». Пазнавата, аднак-жа, прышоў ён дамоў і галушак не захацеў есці. Пабудзіўшы брата Астапа, запытаў толькі, ці даўно паехалі чумакі, і закруціўся ў кажух. І калі той пачаў быў пытацца: а куды цябе, дзед, чэрці падзелі сёння? — «Не пытайся», сказаў ён, закручваючыся яшчэ шчыльней: «не пытайся, Астап, бо пасівееш!» і захроп так, што вераб'і, якія пазалазілі былі на баштан, паўзнімаліся з перапуду на паветра. Але дзе ўжо там яму спалася? Няма чаго сказаць, хітры быў пройда, дай божа яму царства нябеснае! умеў выкруціцца заўсёды. Іншы раз такую заспявае песню, што вусны пачнеш кусаць.

Назаўтра, ледзь толькі пачало змяркацца ў полі, дзед надзеў світку, падперазаўся, узяў пад паху лапату і рыдлёўку, надзеў на галаву шапку, выпіў кухаль сіраўцу[82], уцёр губы крысом, і пайшоў проста да паповага гароду. Вось мінуў і заплот і нізенькі дубовы лес. Праміж дрэў віецца сцяжынка і выходзіць у поле. Здаецца, тая самая! Вышаў і на поле: месца кропля ў кроплю ўчарайшае: вунь і галубятня тырчыць, але гумна не відаць. «Не, гэта не тое месца. Тое, значыць, далей; трэба, відаць, павярнуць да гумна!» Павярнуў назад, пачаў ісці іншаю дарогаю — гумно відаць, а галубятні няма! Ізноў павярнуў бліжэй да галубятні — гумно схавалася. У полі, як знарок, пачаў накрапваць дожджык. Пабег ізноў да гумна — галубятня прапала; да галубятні — гумно знікла. «А каб ты, пракляты шайтан, не даждаў дзяцей сваіх бачыць!» А дождж прыпусціў, як быццам з вядра. Вось, скінуўшы новыя боты і абгарнуўшы іх хусткай, каб не пакарабаціліся ад дажджу, задаў ён такога драпака, нібыта панскі інаходзец. Улез у курэнь, прамокшы наскрозь, накрыўся кажухом і ўзяўся бурчаць нешта праз зубы і прылашчваць чорта такімі словамі, якіх мне яшчэ зроду не здаралася чуць. Прызнаюся, я-б, напэўна, пачырванеў, калі-б здарылася гэта сярод дня. Назаўтра прачнуўся, гляджу: ужо дзед ходзіць па баштане, нібыта нічога не здарылася, і прыкрывае лопухам кавуны. За абедам ізноў старычына разгаварыўся, пачаў палохаць малодшага брата, што змяняе яго на курэй замест кавуна; а, паабедаўшы, зрабіў сам з дрэва пішчык і пачаў на ім іграць; і даў, нам забаўляцца, дыню, скурчаную ў тры пагібелі, быццам змяю, якую называў ён турэцкаю. Цяпер такіх дынь мне нідзе і не траплялася бачыць. Праўда, насенне яму штосьці здалёк дасталося. Увечары, павячэраўшы ўжо, дзед пайшоў з рыдлёўкаю пракапаць новую градку для позніх гарбузоў. Пачаў праходзіць паўз тое зачарованае месца, не вытрымаў, каб не прабурчаць праз зубы: «праклятае месца!» узышоў на сярэдзіну, дзе не вытанцоўвалася пазаўчора, і ўдарыў усердзіўшыся рыдлёўкаю. Зірк, наўкол яго зноў тое самае поле: з аднаго боку тырчыць галубятня, а з другога гумно. «Ну, добра, што здагадаўся ўзяць з сабою рыдлёўку. Вунь і дарожка! вунь і магілка стаіць! вунь і галіна навалена! вунь-вунь гарыць і свечка. Як-бы толькі не памыліцца». Ціхенька пабег ён, падняўшы рыдлёўку ўгару, як быццам хацеў ёю пачаставаць япрука, які ўбіўся на баштан, і спыніўся перад магілкаю. Свечка пагасла, на магіле ляжаў камень, заросшы травою. «Гэты камень трэба падняць!» падумаў дзед, і пачаў яго абкопваць з усіх бакоў. Вялікі пракляты камень! вось, аднак-жа, упёршыся моцна нагамі ў зямлю, папхнуў ён яго з магілы! «Гу!» пайшло па даліне. «Туды табе і дарога! Цяпер ямчэй пойдзе справа». Тут дзед спыніўся, дастаў ражок, насыпаў на кулак табакі, і быў зрыхтаваўся паднесці да носа, як раптам над галавою яго «чыхі!» чхнула нешта так, што пахіснуліся дрэвы і дзеду апырскала ўвесь твар. «Адвярнуўся хоць-бы ўбок, калі хочаш чхнуць!» прамовіў дзед, праціраючы вочы. Азірнуўся, нікога няма. «Не, не любіць, відаць, чорт табакі!» гаварыў ён далей, кладучы ражок у пазуху і беручыся за рыдлёўку. «Дурань-жа ён, а такой табакі ні дзеду, ні бацьку яго не даводзілася нюхаць!» Пачаў капаць — зямля мяккая, рыдлёўка так і плыве. Вось нешта бразнула. Выкідаўшы зямлю, убачыў ён чыгун. «А, галубок! вось дзе ты!» ускрыкнуў дзед, падсоўваючы пад яго рыдлёўку. «А!.. галубок, вось дзе ты!» запішчаў птушыны нос, клюнуўшы чыгун! Адступіўся дзед і ўпусціў рыдлёўку. «А, галубок, вось дзе ты!» замэкала баранова галава з верхавіны дрэва. «А, галубок, вось дзе ты!» зароў мядзведзь, высунуўшы з-за дрэва сваё рыла. Дрыжыкі пранялі дзеда. «Ды тут страшна слова сказаць!» прабурчэў ён сам сабе. «Тут страшна слова сказаць!» піскнуў птушыны нос. «Страшна слова сказаць!» замэкала баранова галава. «Слова сказаць!» раўнуў мядзведзь. «Гм…» сказаў дзед, і сам перапалохаўся. «Гм!» прапішчаў нос. «Гм!» прамэкаў баран. «Гум!» зароў мядзведзь.

вернуться

82

Квас.