— Та-ак, — яшчэ раз вымавіў Сташэўскі. Камандзір групы, ён умела хаваў свае трывогі і сумненні. Грэхаву ж, шчыра кажучы, было нявесела, тым болей што ўварваліся яны ў абсалютна незнаёмае жыццё, а ісці яны маглі толькі наўздагад, і гэты павольны і стамляючы рух дзейнічаў на нервы больш, чым загадкавае выпраменьванне нярэдкіх «цікаўнікаў».
— Нашы меры абароны ад «цікаўнікаў», — уздыхнуў Сташэўскі, — на жаль, пакуль што малаэфектыўныя, і фактычна мы безабаронныя...
Ён перахапіў позірк Вірта.
— Так-так, безабаронныя, нягледзячы на тыямат[2]. Бо можа ўзнікнуць сітуацыя, у якой мы проста не паспеем прывесці яго ў дзеянне. — Ён меў рацыю. Тыямат — «вялікі разбуральнік», «генератар праматэрыі», «ініцыятар ціхага распаду» — як яго толькі ні называлі, — наймагутнае са сродкаў абароны і нападу (на жаль...), якім нядаўна авалодаў чалавек. Але і тыямат не гарантаваў бяспекі ва ўмовах Тартара, які меў вялізны арсенал паражаючых фактараў, ніводны з якіх яшчэ не быў як след вытлумачаны чалавекам.
— Ну, не глядзіце на рэчы гэтак песімістычна, — прабурчаў Малчанаў. — Трэба прывыкаць і да «цікаўнікаў» і да іншых формаў жыцця Тартара, а іх багата, і, запэўніваю вас, усе яны агрэсіўныя...
— Акрамя пластуноў, — сказаў усёвед Дыега Вірт.
— Пра пластуноў асобная гаворка...
— Так, — у трэці раз сказаў Сташэўскі, — Мы стаім ужо паўгадзіны, гэта недаравальна шмат. Гатовыя? Паехалі.
Танк злёгку прысеў і рэзка пабег па светлым тунелі, што высеклі ў цемры пражэктары. Дарога рабілася горшая. Спачатку ехалі па пласкагор'і, якое дзе-нідзе парасло паўзучым нізкім кустоўем дзіўнага выгляду. Яно чамусьці нагадвала Грэхаву абстрактныя канструкцыі з металічнага дроту, укручаныя ў масу пушыстых сіняватых нітак. Гусеніцы з ходу ламалі яго, і яно рассыпалася на асобныя кавалкі, крохкае, як шкло.
Потым пад'ём стаў больш стромкі, і неўзабаве Грэхаў зразумеў, што яны ўжо недзе каля адгор'яў Кінжальнага хрыбта, які ім трэба было пераадолець. За тыя восем гадзін побыту на планеце з імі і вакол іх нічога не адбылося, і Грэхаў нават падумаў, што свет Тартара даволі ардынарны — скалісты дзікі «нецывілізаваны» свет. Незразумела было, чаму адбываліся катастрофы, гінулі робаты і людзі, абароненыя, як здавалася да гэтага, ад усіх сілаў прыроды ўменнем прымяняць гэтыя сілы сабе на карысць. «Многія рэчы нам незразумелыя не таму, што нашы паняцці слабыя, але таму, што гэтыя рэчы не ўваходзяць у кола нашых паняццяў». Так, здаецца, казаў Казьма Пруткоў. «Што, калі жыццё Тартара не ўваходзіць у кола нашых паняццяў?» — падумаў Грэхаў.
Схілы гор узнімаліся ўсё вышэй і больш стромка, сціскаючы іх часовую, выпадкова знойдзеную дарогу ў каменных цяснінах. Сталі трапляцца доўгія трэшчыны, што разрывалі яе на пункціры, і буйныя абломкі скал са свежымі зломамі. Нарэшце ехаць далей ранейшым шляхам стала немагчыма — даваўся ў знакі нядаўні землятрус, танк падыходзіў да актыўнай мяжы яго эпіцэнтра. Ён марудна прапоўз сотні дзве метраў і ўпёрся ў ірваны вал з абломкаў і друзу: дарога была перагароджана ім. За валам пачулася нагрувашчванне базальтавых пліт гіганцкай таўшчыні.
— Горст[3], — вымавіў Сташэўскі, злазячы з крэсла, шырокі, спакойны, нават трошкі вялы.
— Збірайся, Дыега.
Удвух з Віртам яны надзелі скафандры і выйшлі з танка. На прыборнай панелі ўспыхнулі зялёныя агні індыкатараў прысутнасці — запрацавалі індывідуальныя радыёмаякі. У святле пражэктараў дзве постаці ператварыліся ў асколкі асляпляльнага вадкага агню — плёнкі скафандраў адбівалі амаль усе віды радыяцый, у тым ліку і святло. Яны выйшлі з асветленай паласы і зніклі. Дыегаў голас прагучаў, здавалася, зусім побач:
— На хуткалёце да мэты можна дайсці за дзесяць хвілін, можа, я рызыкну?
Адказ Сташэўскага яны не пачулі, але Малчанаў усміхнуўся даволі красамоўна. Цяпер ужо Грэхаў шмат чаго ведаў пра Тартар, у тым ліку і тое, як загінулі экіпажы «Спіра» і «Магіканіна». Лятальныя апараты праследаваліся «павуцінамі» з асаблівай настойлівасцю, менавіта з гэтай прычыны іх выратавальны рэйд пачаўся на цяжкім танку-лабараторыі, разлічаным на эксплуатацыю ў атмасферах гіганцкіх планет-паўсонцаў тыпу Юпітэра. Ну а далейшае залежала ад іх, ад «запасу надзейнасці чалавечага элемента», бо тэхніка Зямлі больш за тое, чым яны валодалі, даць не магла...
2
Тыямат — генератар асобага поля, у якім разбураюцца электронныя, атамныя і міжнуклонныя ядзерныя сувязі.