Выбрать главу

Пасля гарачых і бурных спрэчак акадэмія дазволіла эксперымент.

Праз два месяцы новая элалома была ў асноўным зманціравана. Яе апаратура змяшчалася ў некалькіх залах падвальнага паверха інстытута. Джахангір Аліеў, асветлены россыпам рознакаляровых агнёў, што бегалі па пультах кіравання, хадзіў з памяшкання ў памяшканне, усюды знаходзячы сабе справу. Усе апошнія дні перад доследам ён спаў урыўкамі, а пра ежу ўспамінаў толькі тады, калі жонка нагадвала яму пра гэта па тэлефоне. Твар вучонага асунуўся, на лбе прарэзаліся глыбокія складкі. Сябры казалі яму: «Ты, відаць, рыхтуешся стаць наступным аб'ектам эксперыментаў для элаломы? Плюнь на ўсё і выберыся на які тыдзень у горы — адаспіся, пагультайнічай...» Джахангір з усмешкай адмахваўся: «Вось скончым з працай — на два месяцы ўцяку ў асабістае жыццё. Тады абцугамі мяне з санаторыя не выцягнеце».

Нарэшце надышоў дзень, калі Аліеў змог далажыць, што элалома готовая да доследу.

— Вы мяркуеце пачаць у бліжэйшы час? — спытаўся прэзідэнт акадэміі.

— Мы можам распачаць дослед хоць зараз. Але без спецыяліста па гісторыі сярэдневяковага Ўсходу не абысціся. Элалома «здыме» ўсе ўражанні і вобразы Шамсібекавай свядомасці ў адваротным парадку, і ўзнаўляць іх мы будзем пасля запісу ў ячэйках памяці электроннага мозгу, «пракручваючы» ў храналагічнай паслядоўнасці. Вось тут і неабходны знаўца гісторыі мусульманскага свету — бо ж тое, што для Шамсібека была звыклая паўсядзённасць, для нас, незнаёмых у дэталях з варункамі тагачаснай рэчаіснасці, можа быць абсалютна незразумелае... Я прапаную, каб групу ўзначаліў акадэмік Джамшыд Акбараў, які можа скаардынаваць нашы ўражанні. А дзённік эксперыменту весці будзе малады пісьменнік Тулкун Мансураў...

2

Да медрэсэ[4] падышоў, ведучы на павадку каня карабаірскай пароды, малады чалавек у новым ядвабным халаце. Спыніўшыся, ён зачаравана агледзеў гмах. Велізарнае збудаванне з чатырма купаламі і двума мінарэтамі захапіла яго. Прыгадаліся бацькавы словы: «Калі мінеш султанаў палац, убачыш — яны стаяць адно проці аднаго — медрэсэ і ханаку[5]. Іхняй красе, як гавораць мудрыя, зайздросціць само неба...» Вандроўніку здавалася, што бірузовыя купалы медрэсэ зліваюцца з пранізлівым блакітам вечаровага неба і што агромністы будынак, пакрыты павуціннем арнаментаў, падтрымлівае не толькі гэтыя купалы, але і ўвесь купал неба. І мроілася: пад яго цяжарам напружана гудзе зямля. Паліва на сценах і мінарэтах палымнела ў праменні заходу...

Юнак накіраваўся насустрач статнаму барадачу ў доўгім халаце, з вялікай белай чалмой на галаве, які выйшаў з медрэсэ. З пашанай павітаўшыся, вандроўнік пачуў у адказ прамоўленае нараспеў прывітанне і тады сказаў:

— Шаноўны, не палічыце за дзёрзкасць, але мне хацелася б пабачыцца з адным выхаванцам медрэсэ...

— З кім менавіта?

— З мулой[6] Абдулвахабам.

— Абдулвахабам?! — Барадач спахмурнеў і нейкім новым позіркам агледзеў юнака з галавы да ног. — Хто ён вам? Ці не брат?

— Не, мы проста аднавяскоўцы. Хачу перадаць яму вестку ад бацькі.

— Абдулвахаба тут няма, — сказаў мужчына пасля нядоўгай развагі.

Малады чалавек пытальна пазіраў на яго.

— Ваш зямляк выявіў чорную няўдзячнасць... — неахвотна пачаў барадач. — Ён быў варты шыбеніцы, але, дзякуй Усявышняму, вялікі султан памілаваў яго... Не вучобе аддаў ён перавагу, а лайдацтву... Абдулвахаб пайшоў з медрэсэ.

— Ён вярнуўся дахаты?

— Вы можаце знайсці яго ў ханацы.

— Тут? — хлопец кіўнуў у бок ханакі, насупраць медрэсэ.

— Не, сюды ён не зазірае. Пашукайце яго на ўскраіне...

Да вечаровай малітвы яшчэ заставалася трохі часу, і малады чалавек вырашыў перш за ўсё дамовіцца наконт месца ў караван-сараі. Адыходзячы ў Самарканд, ён разлічваў, што яму паспрыяе Абдулвахаб: зямляк у чужым горадзе — немалая падмога. Цяпер жа даводзілася абыходзіцца сваімі сіламі...

вернуться

4

Мусульманскае духоўнае вучылішча.

вернуться

5

Прытулак дэрвішаў.

вернуться

6

Адукаваны чалавек.