Выбрать главу

— Ты сказаў: настаўніка... Мінула чатыры сотні гадоў, як Абу-Бакір Мухамед ар-Разій перасяліўся ў сялібы праведных. Абу-Райхан Беруні вырак пра яго нямала каштоўных слоў... Так, гэта варты пашаны настаўнік.

Шамсібек кінуў міжвольны позірк на кнігу, што ляжала перад султанам. Улугбек заўважыў яго цікаўнасць і, усміхнуўшыся, сказаў:

— Гэта «Канон Масудзі» Абу-Райхана. А вось тут, — ён паказаў на невысокі васьмігранны столік, завалены кнігамі і пергаментнымі скруткамі, — тут ты бачыш «Аль-Мажысты» Батлімуса[17]...

— Ар-Разій — вучоны, варты пазмагацца на полі ведаў з Батлімусам, Афлатутонам і Аклідусам![18] — пад наплывам пачуццяў усклікнуў Шамсібек.

— Ты сказаў праўду! — пахваліў Улугбек, не звярнуўшы ўвагі на тое, што малады чалавек перабіў яго. — Пахвальна, што ты назваў ар-Разія сваім настаўнікам. Сам вялікі Ібн-Сіна схіляўся перад гэтым слаўным імем... Але мала, на жаль, засталося тых, хто ідзе па слядах мудрага...

— Затое нямала тых, хто дбайна служыць астраноміі...

Султан уважліва паглядзеў на юнака. Шамсібек вырашыў, што ён прамовіў нешта недарэчнае, падняўся са свайго месца і папрасіў прабачэння за дзёрзкасць. Улуг-бек жэстам загадаў яму сесці.

— Па-твойму, астраномія ніжэйшая за матэматыку, хімію альбо медыцыну? — спытаўся султан і, бачачы, што Шамсібек зноў парываецца ўстаць, дадаў: — Дык вось, зоркі і планеты не рассыпаны па небе проста так. У іх размяшчэнні ёсць нейкі парадак. Нейкія сілы дзейнічаюць паміж імі, гэтыя сілы — Любоў і Варожасць... Змены ў становішчы зорак могуць сказаць нам, якая сіла ў цяперашні час пануе ў свеце... Варожасць нясе разбурэнне, сваркі паміж людзьмі. Любоў прыносіць мір чалавецтву.

Памаўчаўшы, ён працягваў:

— Ці думаеш ты, што медыцына здольная падоўжыць чалавечае жыццё?

— Не, валадар.

— Дык ты лічыш, што вучэнне Ібн-Сіны памылковае?

— Наадварот! Вучэнне наймудрага з лекараў — адзіны шлях да даўгалецця. Толькі... толькі ніхто не стане садзейнічаць увасабленню ягоных думак на справе. І потым — трэба перамагчы старэнне цела. А мы нават не ведаем, з якога боку падступіцца да гэтага.

— Значыцца, усё-такі думкі вучонага — не прыгожы паветраны замак?

— Калі казаць пра магчымасць іх ажыццяўлення сёння ж, то праўда мовіць вуснамі апекуна мудрых... Я думаю, што даўгалецця можна дасягнуць, адно атрымаўшы ключ да чалавечай душы. Калі мы зможам лячыць душу, то цела будзе жыць вечна...

— Але ключ гэты ў руцэ Ўсявышняга! — узняўшы бровы, заўважыў Улугбек.

— Мажліва, Алах будзе мець ласку ўручыць яго вам — хай спрыяе ў тым сам прарок Мухамед...

— Слушныя словы! — ухваліў султан. — Твае сілы выяўляюцца ў тваіх думках... Скажы цяпер, якім чынам ты ператварыў медзь у золата?

— Я дасканальна вывучыў кнігу «Таямніца таямніц», напісаную настаўнікам ар-Разіем. Але галоўнае раскрыў мне мой дзед...

Ён на імгненне змоўк. Улугбек, падбадзёрваючы яго, кіўнуў, і юнак працягваў:

— Для таго, каб атрымаць сапраўднае золата, неабходна кроў чалавека.

— Кроў? — насупіўся султан.

— Так. Золата, з якога зроблены дасланы вам пярсцёнак, я апрацаваў сухой крывёй.

— Дзе ты ўзяў кроў?

— Гэта была мая кроў.

— Што ж, кожны раз, як ты робіш золата, ты выкарыстоўваеш уласную кроў?

— Я не так ужо часта раблю золата. Настаўнік пісаў, што кожны, хто ператварае веды ддя нажывы, будзе пакараны ў будучым жыцці...

У наступны міг пачуўся голас супі[19], які склікаў на вечаровую малітву. Улугбек правёў па твары далонямі і ўзняўся з месца. Малады чалавек устаў услед за султанам.

Улугбек зрабіў некалькі крокаў у бок саду, але раптам спыніўся і, павярнуўшыся да Шамсібека, строга сказаў:

— Ад сёння забараняю табе выкарыстоўваць кроў для атрымання золата. У валадаранне Ўлугбека ніводная кропля чалавечай крыві не павінна пралівацца дзеля прыхамаці дужых. Жыццё таго, хто не паслухаецца гэтай забароны, будзе нядоўгае...

— Слухаюся, валадар...

— Заўтра можаш адпачываць. А з суботы зоймешся сваімі абавязкамі, рассарціруеш, як старшы над ювелірамі, золата і срэбра ў казне. Ды падбяры ў горадзе месца, дзе лепш за ўсё пабудаваць бальніцу...

— О ўпрыгожанне іслама, — схіліўся Шамсібек. — Вашая ласка не ведае межаў... Загадайце яшчэ зарэзаць некалькі баранаў.

— Навошта?

— Мяса трэба будзе развесіць ва ўсіх канцах горада на адкрытых месцах. Бальніцу лепей будаваць там, дзе яно захаваецца свежае як найдаўжэй...

— Твой розум варты пахвалы! Прасі ў мяне ўсё што хочаш!

— Мой валадар, я папрашу толькі пра адно: адпусціце мяне дадому пасля таго, як я спраўлюся з вашымі даручэннямі.

вернуться

17

«Альмагест» Пталемея.

вернуться

18

Пталемей, Платон, Еўклід.

вернуться

19

Служка ў мячэці.