Выбрать главу
***

Адны з першых заняткаў акадэміі Ўлугбека было вырашана правесці ў абсерваторыі. Шмат чуўшы пра гэты цуд Самарканда, Шамсібек з хваляваннем падыходзіў да трохпавярховага будынка, што ўзвышаўся над дрэвамі палацавага саду. Каля ўвахода яму сустрэўся уста Хідзір.

— Вось і цудоўна, што вы прыйшлі раней за прызначаны час, — сказаў архітэктар. — Я паспею павадзіць вас па абсерваторыі.

Калі яны ўзнімаліся па шырокіх мармуровых ступенях, дойлід несціхана расхвальваў вартасці гэтага ўнікальнага збудавання, якое ўзводзілася, вядома, пад яго кіраўніцтвам.

— Уявіце сабе, гэты будынак аніколькі не пацерпіць нават пад час самага моцнага землятрусу...

На кожным паверсе было па некалькі дзесяткаў пакояў, а пасярэдзіне размяшчаліся залы для сходаў. На сцэнах былі выявы ўсіх сузор'яў бачнага з абсерваторыі неба.

А на цэнтральным плафоне верхняга паверха Шамсібек убачыў Сонца і сем планет, што размяшчаліся вакол яго.

— Давайце выйдзем на тэрасу і палюбуемся відам горада, — прапанаваў уста Хідзір...

***

Час ішоў. Да пачатку зімы падмурак лячэбніцы быў гатовы, і муляры распачалі ўзводзіць сцены. Кожны дзень, вяртаючыся са сваей асноўнай службы ў казне, Шамсібек зазіраў на будаўнічую пляцоўку. Пагаварыўшы з уста Хідзірам, які нязменна кіраваў работамі, малады чалавек збочваў да Камарыдзіна — у яго на час папраўкі пасяліўся Ганімурад. Асілак амаль зусім паправіўся і даволі хутка рухаўся па двары на мыліцах. Але калі надышла чылля[25], Ганімурад зноў злёг — на назе ў яго ўтварылася пухліна. Агледзеўшы пасінелую шчыкалатку асілка, Шамсібек сказаў:

— Трэба прыгатаваць мазь. Заўтра я прышлю вам яе. Да таго ж нагу неабходна аберагаць ад холаду.

Калі госць накіраваўся да брамы, сіпах, які праводзіў яго, спытаўся:

— Што-небудзь сур'ёзнае? Пабачыўшы пухліну, ты змяніўся ў твары.

— Гэта гангрэна.

— А як яе лячыць?

— Баюся, што ніяк. Трэба адрэзаць нагу.

— Няхай Алах злітуецца над ім! Такія волаты, як Ганімурад, — вялікая рэдкасць. Якое няшчасце, што менавіта яму выпала выпіць горкі кубак!

Сябры памаўчалі, тужліва звесіўшы галовы.

— Дарэчы, — успомніў Камарыдзін, — я сустрэў твайго землячка.

— Абдулвахаба?!

— Але, менавіта гэтага лайдака...

Невясёлы прыйшоў Шамсібек дахаты. Махфуза падышла да мужа і ласкава спыталася:

— Што зрабіла змрочным ваш твар?

— З Ганімурадам зноў блага. Бядак, відаць, застанецца бязногім калекам.

— Кепская навіна, — панікла Махфуза. — А я хацела парадаваць вас...

— Што такое?

Не кажучы ні слова, Махфуза выйшла з пакоя. Праз хвіліну яна вярнулася з блакітнай ядвабнай хусткай у руках і разгарнула яе перад мужам. Шамсібек убачыў вышытае ў цэнтры яе залатое сонца, вакол якога размяшчаліся сем рознакаляровых планет.

— Ты сама вышыла гэта?

— Так. На мяне ваш расказ пра роспісы абсерваторыі зрабіў такое моцнае ўражанне, што я вырашыла вышыць яго на хустцы.

— Як ты назавеш гэты ўзор?

— Фалак[26].

— Я пакажу султану. — З гэтымі словамі Шамсібек беражна згарнуў хустку.

Махфуза нясмела зірнула на мужа:

— У мяне таксама ёсць непрыемная вестка...

— Слухаю, — Шамсібек нахмурыўся.

— Па нашай вуліцы ўвесь час швэндаецца Абдулвахаб з гурмой нейкіх абадранцаў.

— Гэта накшбандыі.

— Яны паводзяць сябе абуральна — выкрыкваюць пагрозы нейкім грэшнікам, якія аддаліся ў рукі шайтану. Калі я чую іхні дзікі лямант, мне робіцца страшна...

— Нічога, — супакоіў яе Шамсібек. — Лайдакам проста няма чым заняцца.

— Ці не затаіў Абдулвахаб злосць на вас?

— Яму трэба было б злаваць перш за ўсё на самога сябе.

***

Аднойчы пасля размовы ў акадэміі Шамсібек падышоў да султана.

— Валадар, дазвольце адняць у вас хвіліну вашага вольнага часу.

— Я слухаю цябе, мой юны алхімік.

— Наш Ганімурад, пра якога вы гэтулькі чулі, стаў папраўляцца. Усё ішло выдатна, але вось цяпер раптоўна ў яго пачалася гангрэна.

— Якое няшчасце! — паківаў галавой Улугбек.

— Я задумаў прыгатаваць для яго лякарства, шахрыяр. Але для таго, каб мая задума ўдалася, мне трэба што-нішто даведацца ў вас...

— Пытайся пра што хочаш.

— На адной з вашых лекцый, о валадар, які ведае шляхі свяціл, вы казалі, што калі б Месяца не было, то ход жыцця на Зямлі быў бы зусім іншы і сілы, што дзейнічаюць на нас, зусім змяніліся б.

вернуться

25

Перыяд самых моцных халадоў.

вернуться

26

Неба.