Выбрать главу

— Ты кажаш чыстую праўду.

— Я падумаў, мой валадар, што ў час зацьмення Месяца яго сіла знікае і што ўласцівасці рэчываў змяняюцца на гэты час. Жывёлы, напрыклад, адчуваюць нейкія змены ў свеце, якіх не адчувае чалавек, — сабакі пачынаюць брахаць як шалёныя, аслы равуць, коні ржуць у сваіх стайнях. Сама прырода ў дні зацьменняў вар'яцее — на морах бушуюць ветры, па зямлі пракочваюцца буры і ліўні.

— Што ж, твае меркаванні заслугоўваюць увагі.

— І я вырашыў, о шахрыяр, прыгатаваць лякарства для Ганімурада ў час месячнага зацьмення, у момант, калі ўласцівасці рэчываў змяняюцца. Можа, гэтае зелле прынясе вылячэнне нашаму волату... Але для гэтага мне хацелася б ведаць, ці хутка будзе такое зацьменне — вы ж казалі, што можаце прадказваць іх час.

— Але, мой дапытлівы ювелір, на тваё шчасце, зацьменне павінна быць зусім хутка — у восьмы дзень хамола[27]. Я абвяшчу пра гэта Самарканду. Увесь народ будзе маліцца ў мячэцях пра дараванне перамогі святлу над цемрай. І ты таксама павінен будзеш прысутнічаць на малебне. Інакш цябе палічаць ерэтыком.

— О аздоблены прамудрасцю, няўжо Алах не верне нам Месяц, калі я буду адсутнічаць на малітве? Я думаю, яму пажадана будзе дапамагчы вылечыць таго, хто нявінна цярпеў.

Улугбек тонка ўсміхнуўся і прамовіў:

— Я нічога не чуў... У цябе ўсё?

— Не, валадар. Я хачу паказаць вам вось гэта. — Шамсібек дастаў з сумкі хустку, вышытую Махфузай, і разгарнуў яе.

Улугбек нешта здзіўлена выгукнуў і спытаўся:

— Хто зрабіў гэта?

— Хустку вышыла мая жонка.

— Але адкуль ёй вядомыя рэчы, даступныя толькі разуменню мудрых?

— Я расказаў ёй пра роспісы ў вашай абсерваторыі, шахрыяр. І яна з маіх слоў уявіла сабе ўсё дакладна так, як яно ёсць на самай справе.

Султан на хвіліну задумаўся. Раптам твар яго прасвятлеў.

— Мне прыйшла ў галаву адна думка. Я пастанаўлю, каб кожная нявеста прыносіла з сабой у жаніхоў дом такую хустку... Як яна, дарэчы, называецца?

— Фалак.

— Вось-вось. Каб кожная дзяўчына, што збіраецца замуж, мела такі фалак. Інакш жа людзей не прымусіш купляць гэтыя хусткі, я не кажу ўжо пра карты зорнага неба або схемы руху планет. Нічога не трэба тлумачыць напачатку, бо нас могуць абвінаваціць у сувязі з шайтанам. Уяўленні пра Сонца як цэнтр свету павольна, паступова замацуюцца ў свядомасці народа — бо кожны дзень, гледзячы на фалак, што вісіць на сцяне, чалавек незаўважна для сябе засвоіць тое, што здабыта намі навуковым шляхам. І толькі тады ён зможа прыняць і тлумачэнні вучоных... Даю табе выключнае права на выраб фалакаў. Няхай твая жонка нагледзіць некалькі добрых майстрых і завядзе майстэрню. Гэта, думаю, і дапаможа вам паправіць свае грашовыя справы...

Шамсібек пакланіўся.

***

Настаў вечар восьмага дня месяца хамола. За некалькі гадзін да пачатку зацьмення Шамсібек прыгатаваў на століку пасярод двара розныя травы і яшчэ шмат чаго. Усё гэта ён збіраўся расцерці ў ступцы і змяшаць у той момант, калі цень Зямлі закрые начное свяціла...

Падзьмуў лёгкі ветрык. Край месячнага дыска, што ззяў у бясхмарным вечаровым небе, раптам запунсавеў, быццам дакрануўся да жару. Шамсібек тут жа падкінуў дроў у вогнішча, разведзенае побач са столікам, і сунуў у агонь медны сасуд з настоем з траў. А калі чырвоны колер заліў палову Месяца, юнак склаў у ступку муміё, воск, паленае пер'е арла — і падрыхтаваўся стаўчы ўсё гэта, як толькі настане поўнае зацьменне.

А над горадам нарастаў невыносны гармідар: авечкі бляялі ў загарадзях, сабакі, надрываючыся, брахалі, а людзі — тыя, хто не змог па нямогласці пайсці ў мячэць, — з усіх сіл лупілі ў сваіх дварах па металічных тазах і выкрыквалі заклінанні, каб адпудзіць шайтана, які паквапіўся на Месяц.

Пасярод гэтага грукату Шамсібек не пачуў, як адчыніліся вароты і ў яго двор хлынуў натоўп дэрвішаў. Малады чалавек якраз толькі ўзяў цяжкі таўкачык, каб стаўчы прыгатаваную сумесь. У гэты момант нехта кінуўся на яго ззаду і вырваў таўкачык з рукі. Павярнуўшыся, вучоны ўбачыў скрыўленыя гневам твары абадранцаў. Адзін з іх, закруціўшыся на месцы, дзіка завішчаў:

— Прававерныя! Гэты сын пекла хоча выклікаць канец свету! Ён у змове з самім шайтанам і заклінае нячыстую сілу!

З натоўпу высунуўся высокі дэрвіш. Шамсібек адразу ж пазнаў у ім аднасяльчаніна. Абдулвахаб узмахнуў над галавой цяжкай дубінай і крыкнуў.

— Божыя людзі! Не дапусцім здзейсніцца благой справе! Толькі знішчыўшы служку пекла, вы ўратуеце свяціла...

Страшэнны ўдар апусціўся на галаву Шамсібека. Апошняе, што ён убачыў, быў вялізны шар Месяца...

вернуться

27

Першы месяц мусульманскага новага года, які пачынаецца 22 сакавіка.