Церашкоў уздыхнуў. Ну, так. Добра было тады. І зусім не думалася, што настане дзень, ці, як цяпер вось, вечар, калі няведацьмеш, як ад гэтых ручак пазбавіцца.
«Дык з’ездзіць да тваёй жонкі?»
«Нэлі», — сказаў ён і ўзяў яе далонь у сваю. Яна ўспыхнула ад радасці, з падзякаю на яго зірнула, але ў гэты момант пальцы яе намацалі пярсцёнак і яна, бы апёкшыся, хутчэй прыбрала руку.
«Што ты хацеў сказаць?»
«Я? А — успомніў першы курс. Калі з неграм жыў у адным пакоі — памятаеш яго? Нігусі звалі, злосны такі мурын, вечна пануры, я яшчэ пабойваўся яго. Неяк чытаю «ЛіМ», ён падыходзіць ціха ззаду і праз маё плячо таксама ўглядаецца... Пасля яго перасялілі. А аднойчы на калідоры сустракаемся, я кажу — машынальна пабеларуску: «Як жыццё, Нігусі?» Ён варочае бялкамі, як наш Ведрыч, і таксама на чысцюткай беларускай мове, без усялякага акцэнту адказвае: «Гэта мне знаёма!» Уяўляеш? Аказваецца, ён, як папугай, завучваў напамяць назвы лімаўскіх загалоўкаў».
«Гэта ўсё?» — спытала Нэлі.
«Усё. Уяўляеш, злосны беларускамоўны негр!»
Яна доўгім, уважлівым позіркам на яго паглядзела.
«Не, на цябе сапраўды нельга крыўдаваць», — сказала яна з уздыхам.
Калі Ведрыч з Труханам выйшлі на вуліцу, тут зіма гаспадарыла ўжо ваўсю. Снег, мароз, вецер… Пуста, адзінока… Толькі жоўтае святло чужых вокнаў, ды сіняе — ліхтароў. Ведрыч адвярнуўся ад ветру, каб прыкурыць.
«Куды ты зараз?» — спытаў Трухан, шыю ў каўнер ўцягваючы, а рукі хаваючы ў рукавы.
«Што значыць куды? Да цябе, канечне. Ты што, думаў, я цябе так лёгка адпушчу? Такое знаёмства трэба і скончыць як след, як заведзена, палюдску. Ці ты супраць?»
«Наадварот! Калі ласка — паехалі. Вось толькі…» — ён замяўся.
«Вахцёрка? — памог Ведрыч. — За гэта не перажывай. Я з імі ўмею гаварыць».
«Не вахцёрка, проста… А спаць на чым? Табе, я маю на ўвазе».
«А хто сказаў спаць? Спаць мы не будзем».
«Дык я ж не адзін у пакоі! А ён, ну, сусед, таксама можа быць не адзін…»
«З дзеўкаю?»
«Ну».
«Тым больш, — сказаў Ведрыч. — Не будзем перашкаджаць людзям. Знойдзем куток, хоць набазарымся ўволю, душу адвядзем».
Ён зусім не выглядаў на п'янага. Яшчэ б, — з зайздрасцю адзначыў Трухан, — пры такім здароўі што яму нейкія тры чарачкі? — як слану шраціна.
«І яшчэ — у мяне ж не так, як у Нэлі. Частаваць няма чым…»
«Слухай, чаму ты ўсё адгаворак шукаеш? Ад чаго ты страхуешся? Можа, можа. Можа, аварыя ў мятры будзе».
Трухан уздыхнуў. Адступаць не было куды. На «мятры», як выказаўся Ведрыч, праехалі два прыпынкі. За ўвесь час Ведрыч не прамовіў ні слова. І толькі калі падыходзілі да інтэрната, на ганку ўжо, спытаў: «Дык пусцяць?» — і выцягнуў з кішэні нейкую прыгожую чырвоную кніжачку. Аднак дакумент не спатрэбіўся. Вахцёрка, што звычайна трымала абарону паміж двух сталоўбарыкад, цяпер спакойна глядзела тэлевізар, седзячы ў кутку на канапе, і на позніх гасцей нават не зірнула.
«Еўропа! — сказаў здзіўлены Ведрыч. — Першы раз такое бачу. Ідзі, хто хоча, бяры, што хоча…»
Дзверы ў пакой былі зачыненыя. Трухан адамкнуў іх ключом і зрабіў Ведрычу знак, каб цішэй вёў сябе. Зайшлі ў пакой. Трухан уключыў святло — не агульнае, а маленькі начнічок над сваім ложкам. Ведрыч агледзеўся. Пакой нагадваў штось сярэдняе паміж салдацкай казармай і турэмнай камерай. Быў ён разлічаны на дваіх. Два ложкі і стаялі паўз сцены. Дзве тумбачкі. Прысунуты да падаконніка стол, два стулы[21]. Убудаваная ў сцяну шафка на дзве створкі. Ведрыч сеў на ложак, які прагнуўся пад ім ледзь не да падлогі і зарыпеў.
«Але ж і халадрыга, — ён апусціў руку. — Як ты тут спіш?»
«Цсс! Так і сплю… Пад дзвюма коўдрамі. Ды зверху яно нічога, толькі знізу, праз матрас, прадзімае».
У гэты момант паварушыўся нехта на суседнім ложку. Ведрыч прыгледзеўся. Галава на падушцы была адна, а ног зпад коўдры тырчэла… чатыры. Адна нага пачухала другую. Трухан знакамі папрасіў Ведрыча падняцца, асцярожна сцягнуў з ложка капу і, склаўшы ўдвая яе, прыкрыў усе чатыры нагі. «Хадзем на кухню, — прашаптаў, — там усё ёсць!»
Кухня аказалася дзверы ў дзверы з пакоем. Але калі ў пакоі скразняк гуляў сабачы, дык тут было цёпла, аж душна.