Выбрать главу

- Дагадаўся дык дагадаўся, што на галаву ўсперці!..

- А што ты хочаш? Царскае пазношвалі, цяпер сваё выдумляюць!

- Ну-ну, хопіць у іх розуму выдумаць, - сказаў, скрывіўшы рот, адзін немалады ваяка; на аблавушцы ў яго красавалася самаробная, з бляхі выразаная «Пагоня». Патлумачыў важна, з выглядам чалавека, што даволі пабыў у свеце, усяго наглядзеўся і наслухаўся і не роўня ім, цемнаце: - Гэтыя шлёмы, запомніце, мастак яшчэ адзін выдумаў, іхні, расеец - Васняцоў быў такі! І прыдумаў восепара[11], пры Мікалаю яшчэ, і нарабілі іх мо мільёны, а тут рэвалюцыя, вось бальшавічкі і прысвоілі...

- Ну дык! - дурное дзела не хітрае! - падтрымалі дзядзьку - старога салдата. - Гэта ж не шыць, а зрывай замкі, грабі награбленае, як яны кажуць!..

Чырвоны камандзір стаяў спакойна, нібы не пра яго казалі, адно часта міргаў здаровым вокам; у твары яго не было ні страху, ні спалоху - толькі здзіўленне, бы ўсё яшчэ паверыць не мог чалавек, што здарылася з ім раптам, дзе ён, чаго ён тут, ці не ёсць усё гэта толькі дурны сон?..

Пабачыўшы Жаўрыда з Мірановічам, Мірончык саскочыў з каня, правай рукой, у якой трымаў нагайку, ляніва дакрануўся да брыля фуражкі:

- Старшы разведкі Мірончык. Падчас спаўнення ўзятыя ў палон... - Азірнуўся на чырвонаармейцаў, неахвотна паправіўся: - Самі здаліся, перабежчыкі... І яго вось раззброілі, - паказаў нагайкаю на звязанага камандзіра.

Начальнік контрразведкі адразу ж узяўся за свае абавязкі. Напусціў суровасці на твар. Падступіўся да палоннага:

- Хто такі? Прозвішча, часць, званне!

Камандзір здзіўлена пазіраў на яго і маўчаў.

- З імі па-маскоўску, відаць, трэба, пан паручнік! - падказаў нехта.

Мірановіч паўтарыў па-расейску - нуль рэакцыі.

- Лебедзеў яго зваць, пан камандзір! - выступіўшы ўперад, паслужліва ўмяшаўся адзін з перабежчыкаў, худы і абы-як паголены, з хітрымі вачыма. - Камандзір пятнаццатай стралковай роты, сорак першага палка - іх толькі надоечы што з Крыма да нас перакінулі... У Крыму яны Ўрангеля растаўклі, - дадаў.

- Што за галаўны ўбор? - спытаў Жаўрыд, з цікавасцю ўглядаючыся ў «шлём».

- А гэта, пан камандзір, будзёнаўкай яны завуць, - патлумачыў ахотлівы на словы перабежчык (так і сказаўшы «яны» - ці даўно сам быў «іхні»?). - Мы пра гэтыя будзёнаўкі жартуем: яны ж, бальшавікі, спяваюць «кіпіт наш разум вазмушчонный», дык гэтая піпка зверху для таго, каб пару выпускаць!

Зарагаталі ўсе, хто стаяў бліжэй і чуў, пасміхнуліся і Мірановіч з Жаўрыдам.

Стары салдат, які ведаў пра Васняцова, раптам строга загадаў чырвонаму камандзіру:

- Ану, павука сарві з будзёнаўкі гэтай сваёй! - і адразу ж сканфузіўся, зразумеў, што маху даў, бо нельга ж у прысутнасці старэйшых па званні гаварыць без дазволу, тым больш загады аддаваць... Гаваркі перабежчык ахнуў, схапіўся за сваю фуражку, з галавы сцягнуў, з мясам выдраў зорачку, расшкамутаўшы ўвесь казырок, кінуў яе пад ногі, утаптаў у гразь, яшчэ і плюнуў. Вакол ізноў засмяяліся, з адабрэннем - гэты перабежчык усім спадабаўся.

- А, успомніў!

- Адкуль будзеш? - спытаў Мірановіч.

- Свой, з-пад Капыля! - кіўнуў галавою невядома куды перабежчык.

- Ну што, паспытаў бальшавіцкай кашы?

- Яшчэ й як!.. - Перабежчыку прыемная была гэтая ўвага да сябе, цешыла яго, і ён лавіў момант, каб яшчэ лепшае зрабіць пра сябе ўражанне. - І польскай паспытаў, і белагвардзейскай, і «зялёнай», і чырвонай - усялякай...

- І якая смачнейшая?

- Так думаю, пан камандзір, што свая самая смачная, - адказаў хітры перабежчык, выдатна ведаючы, якія словы хочуць ад яго пачуць. - А бальшавіцкая дык самая горшая! Нездарма ж назваліся - бальшавікі... Усе злыя, усе абадраныя, адно лаюцца - такімі мацюкамі, што не запомніш, ды яшчэ спяваюць. У сталоўку ідуць - «Красная А-армея ўсех сільней!», рабаваць едуць на вёску - ізноў: «Віхры ўраждзебныя веюць над намі!», нават нябожчыкаў хаваюць, далібог, з песнямі! Закапаюць - без крыжа, без папа, шапкі далоў і давай: «Не пла-а-ачце над трупамі нашых байцоў, нясіце іх знам'я ўпярод!» - перадражніваючы, праспяваў, каб пасмяшыць слухачоў.

- Чаму ж ты служыў ім, такім? - сказаў, пасміхаючыся, Мірановіч.

- А во - вінтоўка! Таму і пайшоў, каб толькі вінта атрымаць. А тады адразу, значыцца, і да вас...

- Пан паручнік, дазвольце звярнуцца да перабежчыка? - выправіў на гэты раз памылку стары салдат, перапытаўшы Мірановіча.

- Дазваляю.

- Бальшавікі што ж ужо, кітайцаў мабілізуюць хіба? - спытаў салдат і пальцам паказаў на вузкавокага скуластага перабежчыка.

вернуться

11

Даўно.