Выбрать главу

Аднак жа розніца паміж імі была. Вялікая розніца. І лепш за ўсіх аб гэтым ведаў камандзір палка Чайка.

...Ціха цурчэла скутая тонкім лёдам, на які сыпаўся і адразу ўмярзаў у яго снег, Морач. На неглыбокіх перакатах, дзе лёду не было, вада булькала мацней, закручвалася вірамі і падымала са дна каламуць. Чайка з ардынарцам ехалі назад тым жа шляхам - паўз самы бераг рачулкі; не ехалі - марудна цягнуліся. Камандзіру палка не хацелася вяртацца ў абрыдлае Семежава.

Не хацелася заходзіць у штаб, механічна казыраць, выслухоўваць рапарты і аддаваць распараджэнні. Не хацелася больш, накінуўшы на твар маску фальшывай заклапочанасці, удзельнічаць у гэтым няўдалым спектаклі, у поспех якога Чайка не верыў ад пачатку і прымусіць сябе паверыць, як ні стараўся, не мог.

І ў рэдкія, такія вось, як цяпер, хвіліны адзіноты, і на людзях - а ён умеў гаварыць адно, адначасова думаць другое і рабіць трэцяе, - ён толькі са здзіўленнем пытаў сябе: як жа так? Навошта ён узяўся і камандуе гэтымі людзьмі, калі ні ўва што не верыць?.. Увогуле, якія прычыны - што ён апынуўся раптам тут?! Як ён дакаціўся да гэтага?!

З пакутнай настырнай упартасцю, адчуваючы ў гэтым нават пэўную прыемнасць самакатавання, ён усё адкручваў і адкручваў час назад, разбіраючыся ў гэтых прычынах... Што ж было напачатку?

Было адступленне палякаў. Быў дзядзькаў хутар, дзе Чайка прытуліўся. Быў прыезд Сокал-Кутылоўскага, была лёгкая фанабэрыя, што не забылі яго, цэняць, фурманку нават прыслалі... Трохі прыемна было слухаць угаворы «спакушальніка», ганарыстага дваранчыка, які яшчэ нядаўна, калі служылі разам у савецкім ваенкамаце, ва ўпор Чайку не заўважаў (ці, можа, таму, што проста быў блізарукі, а акуляры насіць саромеўся)[13].

«Толькі вы, пан Чайка, - казаў пан Сокал[14], - з вашым аўтарытэтам... Усё адно бальшавікі вас расстраляюць, а ў нас, з вашым гераічным мінулым... Падымеце баявы дух...» І Чайка, гледзячы яму ў блізарукія няшчырыя вочы, развесяліўся раптам і падумаў, што Кутылоўскі, мабыць, проста па-дзіцячы зайздросціць яго бразготкам - у самога ўсяго адзін Георгіеўскі крыж, які то знікае, то зноў з'яўляецца на грудзях у залежнасці ад зменаў улады...

Навошта ён тады згадзіўся?.. Чым думаў, на што разлічваў?.. Што ўскалыхнецца Беларусь і столькі сялян паўстане, што змятуць чырвоных? Ці што памогуць палякі (якім цяпер хоць самім памагай)?.. Ці паслухаў пераконванні Кутылоўскага, што ў Расеі - «самыя свежыя, даставерныя звесткі!» - голад, людаедства, спеюць аграмадныя бунты, вось-вось бальшавікоў пачнуць рваць на кавалкі, а як толькі пакончаць з імі, маскоўцам не да нас будзе, не да Беларусі, вось тады і ўедзем на белых конях, па дарозе, усыпанай кветкамі ад шчаслівых вызваленых беларусцоў, у Менск, а там, дасць Бог, і ў Смаленск...

Так, паслухаў і паверыў, як ні сорамна ўспамінаць аб гэтым і самому сабе прызнавацца... Але больш, канечне, звычайны імпульс. Проста момант такі падгаданы быў «спакушальнікам». Трыццацігадоваму здароваму мужчыну, яму (Чайку, а не Сокал-Кутылоўскаму) не было дзе прыткнуцца, не было да чаго прыкласці рук. Не сядзець жа сіднем на дзядзькавай шыі, у якога сваіх поўна: жонка, дачка, трое ўнучак (зяць, Чайкаў аднагодак, не вярнуўся з германскай), ды мала таго што сядзець - яшчэ і пад манастыр людзей падводзіць: «сокрытие враждебных Советской власти и злостно дезертировавших из Красной Армии карается по всей...»

Вось яна, прычына галоўная: куды падзецца?.. У свае трыццаць ён быў адзін, як кол, і гол як сакол, нічому людскаму за жыццё не навучыўшыся, толькі ваяваць ці, яшчэ лепш, падказваць іншым, як трэба ваяваць. Чалавек без радзімы, без сям'і і без дамоўкі, адрэзаная скіба... Матка памерла яшчэ пры ім, калі ён вучыўся ў Іркуцку, - «Ад клімату, казала яна, задыхаючыся, распухлая ўся, бы пчоламі пакусаная, - клімат мне тут, сынку, дужа паганы!»... Бацька проста прапаў, знік, падобна тысячам і тысячам такіх, як сам, галодных, халодных і бяспраўных, што знікалі бясследна ў дарэшты разрабаваным і белымі, і чырвонымі, і саюзнікамі, і проста бандытамі горадзе; хутчэй за ўсё ўламаліся сярод белага дня ў іхні казённы, ад чыгункі, домік якіясь марадзёры, застрэлілі, адарвалі ў падлозе пару дошак і закапалі, а то і не закапвалі - пусцілі «чырвонага пеўня» ды пайшлі сабе... Старэйшая сястра пры жывой яшчэ матцы выйшла замуж, з чалавекам з'ехалі ў Хабараўск, потым, здаецца, у Томск, і таксама прапала недзе назаўсёды - ні пісьма, ні весткі.

вернуться

13

На вядомым здымку 1921 года, дзе А.Сокал-Кутылоўскі стаіць каля сцяга Першага Слуцкага Палка Стральцоў БНР, добра відаць, што ён ужо ў акулярах.

вернуться

14

Даследчыкі Слуцкай акцыі ўжо звярнулі ўвагу на «птушыныя» прозвішчы яе ўдзельнікаў.