* * *
У снежаньскім «Полымі» — грунтоўны артыкул Серафіма Андраюка пра нашу прозу з палавіны шасцідзесятых гадоў да палавіны васьмідзесятых. I такое вось — упершыню, ажно захацелася выпісаць: «Падтрымка ў друку ці ў вусных выступлениях таленавітых маладзейшых празаікаў была арганічнай рысай чалавечых i мастакоўскіх паводзінаў старэйшых калег па цэху. Вядома, як падтрымлівалі...»
Называюцца імёны. Добра ўбачыць i сябе ў тым пераліку.
Студзень — жнівень
Зноў успомнілася наша атака на Мэхэлінкі 13 верасня ў 39-м, раннім i хмарным прыморскім ранкам. Двое нядошла-старых кашубаў на затоена пустой вясковай вуліцы. Баба ў прыглушана-спалоханым пагалошванні. У дзеда рабочая куртка з правага боку грудзей прарвана клінам, як мне здалося, ад шальное кулі ззаду. I задыханыя словы на польска-нямецкай трасянцы:
— A oni durch strzylają, durch strzylają!.. [1]
Бездапаможнае чалавечае нараканне. Я ўбачыў i пачуў гэта, подбегам пераходзячы забрукаваную вуліцу, услед за першым нумарам кулямётнага разліку, пад цяжарам пяцідзесяці трох кілаграмаў нерасчлянёнага «максіма», які, мяркуючы па выбітай на ім даце 1908, прайшоў i першую сусветную вайну. Не на колах ён, а з палазкамі, не пакоціш, а трэба цягнуць, паўзучы, або тарабаніць на гарбе, надзеўшы рамай на галаву.
Сустрэча тая сяды-тады пераклікаецца ў мяне з дурнымі кінабаевікамі ды рэкламнымі кадрамі ваяўнічых анонсаў на штовячэрнім тэлеэкране i з усім тым бязглузда крывавым, што адбываецца то далей, то бліжэй на Зямлі,— жахлівае durch, што азначае: усё, бясконца...
* * *
Шэсцьдзесят пяць Стральцову. Было б...
Нашы надзеі, нашы прароцтвы збываюцца,— зноў i зноў нас палоняць, хвалююць свежасць i краса, глыбіня i сіла мастацкага слова, радасна бачыцца яго пераможная хада ў будучыню, дзе забяспечана адпаведнае разумение i гордая пашана.
Над старонкамі Міхасёвага аднатомніка, які ўранні гартаю перад вячэрнім выступлением, успамінаецца Рыгор Раманавіч Шырма, пра якога i я гаварыў нядаўна на святкаванні яго юбілею ў сціплай утульнасці кінатэатра «Змена». Перачытаў i ўступны артикул Адамовіча, можа, больш чым у іншых выпадках у Алеся разумны i востры.
Нібы нават убачылася, як усе яны, натуральна аддаляючыся, кожны з часам свайго адыходу,— Шырма, Стральцоў, Адамовіч,— усталёўваюцца ў нашай народнай гісторыі, у няспешнай чарзе за іншымі, несакрушальна абарончымі вежамі, нязгаснымі маякам! i, як сказала ў сваім нядаўнім газетным выступленні таленавіта-ціхая Марыя Вайцяшонак, нашымі храмамі, «которые видны из многих точек света».
* * *
У рэдакцыі — чалавек некалькі нашых, старэйшых i маладых. У гутарцы дайшло да тэмы п'янства. I я, між іншым, сказаў, што ніколі адзін не піў i не п'ю. А дома прыпомнілася, як зімою на пачатку 1962-га, калі я жыў падоўгу ў вёсцы, у брата Міхася, працуючы над «Птушкамі i гнёздамі», паехаў з братам у Карэлічы, дзе ён працаваў, вяртаўся без яго, раней, у кузаве грузавіка семнаццаць кіламетраў, у сцюжны мароз, проста ацэпшы, адубеўшы.
— Лячы мяне! — папрасіў братавуху.— Што ў цябе ёсць?
— Капуста ў печы...
— О! А сала, цыбуля? I чарка, можа, знойдзецца?
Перад лустаю хлеба, скрылямі сала i цыбулінай, перад місай гарачай капусты (успомнім Пушкіна: «Да щей горшок, да сам большой!») я кульнуў гранёную чарыцу самагону, горача, смачна, напоўніцу закусіў, а тады падаўся на вялікую, яшчэ не астылую печ i, у смак адляжаўшыся, не прастудзіўся.
Такое вось выключэнне.
* * *
У чарговым «Arche» — «Скарына» — інтэрв'ю Сямёна Букчына з Яновічам, дзе Сакратавы Крынкі параўноўваюцца то з Фолкнеравай сядзібай Ёкнапатофем, то з талстоўскай Яснай Палянай...
Можа, яшчэ б якую парачку падобных мясцін — для весялейшага падтэксту? Ці хопіць i так?..
* * *
Выйшаўшы з падземнага перахода, ад станцыі метро, на шырокай i чыстай ад снегу панелі апынуўся ў рэдкім, рухавым натоўпе. Іду паволі, разглядаюся i — дзіўнае, небывалае адчуванне — не бачу нікога, з кім быў знаёмы або сябраваў, чым нейчы воблік запомніўся.
Так не будзе калісьці, для кагосьці i мяне самога.
Хоць людзей i не паменшае.
* * *
Васіль Зуёнак, якому я падпісаў свой «кнігазбораўскі» том, пры наступнай сустрэчы нават ухвальна здзівіўся: «А колькі ж вы ўсяго запомнілі!..» Не хапіла духу адказаць: «А колькі ж я дадаў героям ды сітуацыям выдумкі, свайго!» Бо ёсць жа гэта, дый нямала, i ў гэтым ужо мая патаемная радасць: пападаць у тон, прыдумляць адпаведнае.