Выбрать главу

Пранізлівым голасам гаварыў чужаземец. Не мог разабраць, быў гэта мужчынскі ці жаночы голас. Што гаварылі — не зразумеў, але лічыць, што мова была гішпанская. Выгляд пакоя і трупаў, згодна з апісаннем сведкі, не адрозніваецца ад апісання, дадзенага ва ўчарашняй газеце.

Анры Дзюваль, сусед, па прафесіі срэбранік, сведчыць, што ў ліку першых зайшоў у дом. Увогуле пацвярджае тое, што паведаміў Мюзэ. Як толькі яны зайшлі ў пад'езд, адразу ж зачынілі за сабой дзверы, каб стрымаць натоўп, які назбіраўся вельмі хутка, нягледзячы на позні час. На думку сведкі, пранізлівы голас належаў італійцу. Упэўнены, што гэта быў не француз. Не можа сказаць дакладна, што мужчына. Магла быць і жанчына. Сведка італійскай мовы не ведае. Слоў не разабраў, але па інтанацыі лічыць, што гаварыў італіец. Мадам Л'Эспанэ і яе дачку ведаў. Часта гутарыў з імі. Упэўнены, што пранізлівы голас не належаў ніводнай.

Адэнгеймер, рэстаратар. Сведка сам пажадаў даць паказанні. Так як ён французскай мовай не валодае, допыт вёўся праз перакладчыка. Ураджэнец Амстэрдама. Праходзіў каля дома, калі адтуль пачуліся крыкі. Крычалі на працягу некалькіх хвілін, відаць, дзесяці. Крыкі былі доўгія і моцныя — жудасныя і невыносныя. Быў сярод тых, хто зайшоў у дом. Згодны з ранейшымі сведчаннямі па ўсіх пунктах, акрамя аднаго. Упэўнены, што пранізлівы голас належаў мужчыне, да таго ж французу. Слоў не разабраў. Гаварылі вельмі гучна і хутка — з перапынкамі, відаць, са страхам і злосцю. Голас быў рэзкі, хутчэй рэзкі, чым пранізлівы. Не, пранізлівым яго не назваў бы. Хрыплы голас увесь час паўтараў «Sacre» і «diable» і адзін раз сказаў «mon Dieu»[10].

Жуль Міньё, банкір, фірма «Міньё і сыны», вуліца Дэларэн. Ён — Міньё-старэйшы. Мадам Л'Эспанэ валодала сякой-такой маёмасцю. Яна адкрыла ў іх рахунак вясной 18.. года, восем год назад. Часта рабіла ўклады — невялікімі сумамі. Чэкі ніколі не выпісвала, але за тры дні да смерці асабіста ўзяла з рахунку чатыры тысячы франкаў. Грошы выплацілі золатам, і іх даставіў на дом служачы банка.

Адольф Лё Бон, служачы банка «Міньё і сыны», сведчыць, што ў той дзень, пра які ідзе размова, каля палудня, праводзіў мадам Л'Эспанэ да самага дома і аднёс чатыры тысячы франкаў, якія былі раскладзены ў два мяшэчкі. Адчыніўшы дзверы, мадэмуазель Л'Эспанэ ўзяла з ягоных рук адзін мяшэчак, а старая пані другі. Сведка развітаўся і пайшоў. Нікога на вуліцы ён тады не заўважыў. Вуліца — бакавая, вельмі ціхая.

Уільям Бёрд, кравец, сведчыць, што разам з іншымі зайшоў у дом. Ангелец. Два гады, як жыве ў Парыжы. У ліку першых падняўся па лесвіцы. Чуў, як сварыліся двое. Хрыплы голас належаў французу. Змог разабраць некалькі слоў, але ўсіх не памятае. Выразна чуў «Sacre» і «mon Dieu». Словы суправаджаліся шумам, нібыта змагаліся між сабой некалькі чалавек — чуліся шорганне ног, скрогат. Пранізлівы голас крычаў вельмі моцна, нашмат мацней, чым хрыплы. Упэўнены, што не ангелец. Хутчэй немец. Можа быць, і жанчына. Сам сведка па-нямецку не разумее.

Чатыры чалавекі на другім допыце засведчылі, што дзверы спальні, дзе знайшлі труп мадэмуазель Л'Эспанэ, на той момант, калі туды зайшлі людзі, былі замкнёны знутры. Цішыня была поўная — ні стогнаў, ні шорахаў. Калі дзверы ўзламалі, нікога там не ўбачылі. Вокны пакояў, што выходзяць на вуліцу і ў двор, былі апушчаны і наглуха замкнёны знутры. Дзверы паміж двума пакоямі былі зачынены, але не замкнёны. Дзверы з пакоя ад вуліцы ў калідор былі замкнёныя на ключ знутры. Невялічкі пакой з вокнамі на вуліцу, на пятым паверсе, той, што ў канцы калідора, быў незамкнёны, дзверы крыху прачыненыя. Ён быў поўны старых ложкаў, скрынь і іншага хламу. Усё гэта вынеслі і ўважліва агледзелі. Абшукалі ўвесь дом зверху данізу, сантыметр за сантыметрам. З дапамогай камінараў праверылі ўсе дымаходы. У доме пяць паверхаў і яшчэ памяшканні на гарышчы (mansardes). На дах можна выйсці праз лаз, але ён быў надзейна забіты цвікамі — і, відаць, шмат год не адчыняўся. Час, што прайшоў паміж тым, як пачулі галасы, і тым, калі адчынілі дзверы, вызначаецца сведкамі па-рознаму. На думку адных, прайшло ўсяго тры хвіліны, другіх — цэлых пяць. Каб адчыніць дзверы, спатрэбілася шмат намаганняў.

Альфонса Гарсія, трунар, засведчыў, што жыве на вуліцы Морг. Гішпанец па нараджэнні. Разам з іншымі быў у доме. Наверх не падымаўся. Слабыя нервы, яму нельга хвалявацца. Галасы чуў. Хрыпла гаварыў француз. Што ён сказаў, разабраць не мог. Пранізлівым голасам гаварыў ангелец, у гэтым сведка ўпэўнены. Па-ангельску не разумее, мяркуе па інтанацыі.

Альберта Мантані, уладальнік крамы гатовага адзення, засведчыў, што ў ліку першых падняўся па лесвіцы. Галасы, пра якія ідзе размова, чуў. Хрыпла гаварыў француз. Разабраў некалькі слоў. Здалося, што некага папракалі. З таго, што крычаў пранізлівы голас, не зразумеў нічога. Словы сыпаліся часта, але нераўнамерна. Здаецца, гаварыў расеец. Пагаджаецца з ранейшымі сведчаннямі. Сам ён італіец. З расейцамі размаўляць ніколі не даводзілася.

вернуться

10

«Божа мой» (франц.).