Выбрать главу

— Я хрысціянка, — ціха сказала нарэшце.

— Хрысціянка? — строга ўсміхнуўся Костка. — Душа твая, як полымя ў вецер, кідаецца ва ўсе бакі. У нас, у ляхаў і мазураў, хрысціянкі ходзяць у святы касцёл.

— Гэта ў вас, — нечакана раззлаваўся Далібор і сваім канём адцясніў Косткавага каня ад Лукеры. — Гэта ў вас…

Лях з непаразуменнем глядзеў на княжыча, а той разгарачыўся, расчырванеўся, з вачэй так і ляцелі злосныя прамяні. Вось-вось за каўнер схопіць настаўніка. «Яна яго каханка», — унікліва падумаў лях і адразу ж у глыбіні свайго сэрца пачаў шкадаваць Далібора, бо кахаць паганцаў — тое самае, што цалаваць у атрутнае джала гадзюк.

— Пойдзем, Лукера, — загаманілі дзяўчаты. — Пойдзем.

Узбіваючы босымі пяткамі лёгкі пыл, яны і Лукера разам з імі пашыбавалі да Цёмнай гары. Зноў пачуўся вясёлы смех, бесклапотны віск. Далібор адчуў, як быццам халоднымі абцугамі сціскаецца сэрца, прыкусіў губу. А вянок на галаве ў Лукеры сінеў васількамі, аддаляўся, знік у зяленіве лясной дарогі.

— Зачакаліся мы цябе, Глебачка, — кінулася на двары дзядзінца насустрач сыну княгіня Мар'я. Ен спакойна злез з каня, падышоў да яе, спакойна пацалаваў ёй белую халаднаватую руку. І княгіня сваім матчыным сэрцам здагадалася, што нябачная малюсенькая трэшчынка прабегла сёння па сынавай душы.

— Заўтра едзеце, — адразу ж сказаў Ізяслаў.— Даю табе з ваяводам Хвалам тры сотні вояў. І Костка з халопам Найдзёнам паедуць. Пасылай паперадзе дазоры, бо зноў неспакойна ў Літве.

У зборах, у вялікіх рыхтаваннях прабег акраец дня пасля таго, як Далібор вярнуўся ад вешчуна. Вастрылі мячы і дзіды, з каптуром набівалі аўсом паходныя торбы, чысцілі і кармілі коней. Коні на малако перамолвалі зубамі авёс, елі з прагнасцю, прадчуваючы далёкую цяжкую дарогу. Някрас цэлы вечар канючыў у бацькі, каб і яго адпусціў разам з Даліборам. Але князь так цыкнуў, так тупнуў нагою, што давялося, праглынуўшы крыўду, адступіцца. Малодшы княжыч пайшоў да маці ў святліцу і там, калі не было побач старонняга чужога вока, заплакаў.

Стомлены прыйшоў Далібор у апачывальню, распрануўся з дапамогаю надворнага хлапчука-халопа і як камень паваліўся на ложак. Пад падушкаю, напханай цецеручыным і курыным пер'ем, нешта муляла. Ен адкінуў падушку ўбок і ўбачыў невялічкую фігурку Перуна, вытачаную з мядова-жоўтага бурштыну, і нейкі цёмны металічны шарык. Загадаўшы халопу запаліць свечку, Далібор доўга круціў у пальцах таемны шарык і раптам здагадаўся, што гэта — жолуд, жолуд, адліты з жалеза. Які мудрагель зрабіў яго? Чыя рука і для чаго паклала пад падушку? Маці? Але яна б сказала. Ды і не будзе яна, спрадвечная хрысціянка, важдацца з нейкім жолудам і з выявай Перуна. Для яе гэта садомскі грэх. Хто ж тады надумаўся на такое? Сам князь? Халопы? А жолуд быў як жывы, асабліва ягоная шапачка-капялюшык. Кожную лусачку, кожную рысачку ахайна і дужа старанна выштукаваў невядомы майстар. Была на жолудзе і зачэпінка, каб, працягнуўшы нітку або дроцік, насіць на шыі. Жолуд, вядома ж, быў абярогам. Але хто і ад чаго хацеў абараніць Далібора? Доўга не мог заснуць у гэту ноч княжыч, а калі ўжо сон склейваў павекі, ціха ўвайшла ў апачывальню маці, села побач з сынам, асцярожна пачала гладзіць яму галаву. У змроку ён не бачыў яе твару, хацеў прыкінуцца, што спіць, але пяшчотныя лёгкія пальцы, як ветрык, бегалі па ягоных валасах. У яго зашчымела на сэрцы. Ен моўчкі пачаў цалаваць матчыны рукі. З пякучай вастрынёй ён зразумеў, што наперадзе чакае невядомасць, трывожная дарога, можа, нават кроў і пакута, і ўсім тым, што з ім здарыцца, матчынаму сэрцу балець да астатняга ўдару. Ен пяшчотней і гарачэй пачаў цалаваць яе рукі. Яна заплакала. Ціхія цёплыя слёзы капалі яму на твар. Маці моўчкі паплакала, моўчкі пайшла. Лёгкі белы абрыс мільгануў у праёме дзвярэй. Зноў на ўсё і на ўсіх навалілася ноч. Некалі, праз доўгія дзесяцігоддзі, на парозе сваёй смерці, сын будзе праклінаць сябе за тое, што не шапнуў ёй тады: «Мамачка… мама».

Новым сонечным святлом успыхнула неба, і Далібор з Хвалам павялі дружыну з Новагародка ў бок літоўскіх лясоў. Там, дзе камень саступае дарогу кветкам і траве, адлягло ў Далібора ад сэрца, забылася начная туга. З прагнасцю глядзеў княжыч навокал. Усё яму было цікава: і ручаі, што, весела пазвоньваючы, беглі да Нёмна, і сем'і дубоў у полі, і зялёны мур лесу, які неўзабаве праглынуў дружыну. У апошні раз азірнуўся княжыч на Новагародак, убачыў бліскучы купал царквы, вежу замка, вал і каля яго ўскудлачанае ветрам дрэва. Ірвануліся зялёныя галіны — падалося, быццам нехта махнуў рукой на развітанне.

За адну-дзве вярсты паперадзе дружыны ішла чата11 на самых хутканогіх конях. Калі дарога была вольная і нішто не насцярожвала чатнікаў, яны на лясных выспах запальвалі высокае вогнішча з белым дымам, калі ж надаралася нечаканая перашкода або мог пагражаць вораг — з чорным.

На другі дзень паходу пакалечыў нагу халоп Найдзён. Павёў паіць коней да лясной азярыны і трапіў у самалоў, які новагародскія паляўнічыя называюць ступіцай. Самалоў, хітра зацярушаны травой і свежым лісцем, чакаў ваўка або лісіцу, але напароўся на яго няўклюдны халоп і ад страху заенчыў на ўвесь лес. Падбег Далібор з Косткам, спытаў, сціскаючы меч:

— Што з табою?

— Лесавік за нагу ўхапіў,— закочваючы вочы, млява адказаў Найдзён. Ад перапуду ён сеў на зямлю і стараўся не глядзець на сваю зашчэмленую дзвюма дубовымі дошкамі нагу, бо быў упэўнены, што яе трымаюць зубы лесавіка. Далібор са смехам абсек гнуткія арэхавыя пруткі, якімі ўпіраліся дошкі ступіцы. Халоп на адной назе рвануўся-паскакаў далей ад клятага месца. Усе, хто бачыў гэта, зарагаталі, закрычалі ўслед: «Ату яго! Ату!», але ваявода Хвал адразу ж павялічыў колькасць чатнікаў. Есць у лесе самаловы, значыць, недзе побач ёсць іхнія гаспадары. Найдзёну перавязалі нагу сухім чыстым мохам і белым кужалем, пасадзілі на каня, бо ісці не мог.

— Даруй мне, дурню, княжыч, — паныла прамовіў халоп, — цябе я павінен пільнаваць-даглядаць, а не ехаць на кані, як яловая калода.

— Кінуць бы цябе аднаго ў пушчы, каб камары ўсю кроў выпілі, тады б ты вочы займеў, бачыў бы, куды нагу ставіш, — за Далібора жорстка адказаў Костка. Хлоп пабялеў, са страхам паглядзеў на яго.

На сухім грудзе пасярод густога лесу напаткалі мноства вялікіх і малых камянёў, якія стаялі і ляжалі асобнымі купкамі.

— Баярскія магілы, — праляцела між воямі. Далібор і раней бачыў такія камяні, калі разам з князем Ізяславам ездзіў у Веверэск.

— Які народ тут ляжыць? — спытаў ён у Косткі. Лях толькі паціснуў плячыма. Ніхто не ведаў гэтага.

Ведалі толькі, што самыя вялікія камяні стаяць у галаве і ў нагах у нябожчыкаў.

— За грахі пакараны ўсе гэтыя людзі,— упэўнена сказаў вой па імені Вель. — Гасцяваў я ў вотчыне баярына Яромы. Дык там возера ёсць, глыбокае, дна не ўбачыш. Гаварыў баярын, што раней на месцы возера была дужа багатая весь. Прыйшоў туды бог у вобліку старога жабрака і папрасіў, каб накармілі яго. Але ніхто не злітаваўся над старым, крошкі ніхто не кінуў. Толькі адна жанчына пашкадавала жабрака, дала яму паесці і яшчэ бохан хлеба на дарогу. Разгневаўся бог на ўсіх веснякоў, не шкада яму было іх ні капачкі. Шапнуў ён жанчыне: «Збірайся і хуценька сыходзь з вёскі, але, глядзі, не азірайся». Пайшла жанчына, ды ўжо каля самага лесу ўспомніла, што серп у хаце забылася, не сцярпела, глянула назад цераз плячук. І адразу на месцы весі вада раскінулася, возера забушавала, а сама жанчына валуном зрабілася. Жыхароў жа бог ператварыў у камяні і раскідаў на ўзгорку. І сёння яны там ляжаць, як вось гэтыя.

Вель наском скуранога бота тыцнуў абамшэлы камень.

— Як леў мясаедны карае шакалаў, так і Хрыстос пакараў недавяркаў,— выгукнуў Костка.

Усё глушэў лес. У некаторых месцах даводзілася мячамі і сякерамі прабіваць шчыліну ў непарушнай сцяне дзікага хмызу, каб мог прайсці конь. Воі стаміліся. Коні спуджана храплі. Пот выядаў вочы.

Але і ў гэтым, здавалася б, мёртвым гусцяжы пільны позірк мог заўважыць прысутнасць чалавека, які не аднойчы бываў тут, а можа, і зараз сачыў за новагараджанамі, схаваўшыся зусім побач. Пад рэдкім промнем сонца, што часам прарываўся ў лес, успыхваў, блішчаў дасюль непрыкметны ліст. А можа, гэта цікуе насцярожанае чалавечае вока? Пра тое, што гэты лес абжыты людзьмі, даводзіў і самалоў, на які напароўся Найдзён, і камень над ручайком, з якога Далібор глынуў цурок вады. Ужо нагнуўшыся, княжыч убачыў у траве на самым беразе камень. На камені невядомай рукой былі выбіты след босай чалавечай нагі і конская падкова.

вернуться

11

Чата — разведка, дазор.