Выбрать главу

— Ну што, нагуляўся? — сурова прыжмурыўшы вочы, спытаў Далібор.

— Нагуляўся, — адказаў Курыла Валун. — Але, пэўна, скончылася маё гуляванне.

— Няўдзячны пёс! — крыкнуў Далібор.

— Псом ніколі не быў, нават тваім, — з годнасцю адказаў асілак.

— Праліў кроў княскіх людзей? Пральеш за гэта і сваю, — спакайнеючы, прамовіў Далібор і загадаў: — Адцяць яму дзясніцу, у якой ён меч на князя ўзняў.

Курылу адсеклі правую руку і пусцілі ісці куды вочы глядзяць. Пабялелы асілак, заматаўшы куксу чыстым кужалем, пайшоў на падвор'е залатара Івана, знайшоў там Лукеру, усхвалявана сказаў, неадрыўна пазіраючы ёй у твар:

— Ці палюбіш ты мяне такога? Я і адной рукою змагу хлеб здабываць і сваю жонку моцна абдымаць-мілаваць. Але ўсё ў тваёй волі.

— Ой, Курылачка! Ой, родненькі! — усклікнула Лукера. — Хто ж гэта цябе абкарнаў, як прыдарожную бярозу?

Яна прытулілася да яго, пачала цалаваць у вусны, у шчокі, потым пачала асцярожна хукаць на ягоную знявечаную руку, каб хоць неяк суцішыць, зняць боль. Курыла з радаснай зіхоткасцю ў вачах стаў перад Лукерай на калені, і мо ўпершыню ў жыцці скацілася па шчацэ сляза. Ледзяное сонца свяціла ім з-за хмар. Круціўся ў цёмным небе і павольна клаўся на прыціхлы Новагародак снег.

Далібор з ваяводам Хвалам, поўнасцю ўзяўшы ў сваю абладу вакольны горад, зайшлі ў коўніцу да Бяссмертнага Кандрата. Стары з Грышкам пакланіліся нечаканым гасцям і застылі як укопаныя кожны на сваім месцы.

— Жалезныя жалуды куеш? — пачціва спытаў Далібор у старога.

— Кую, — надтрэснутым голасам прамовіў Бяссмертны Кандрат.

— Куй, бо ў іх святая сіла нашай зямлі. Я і сам нашу заўсёды твой жолуд, — прачула сказаў князь і, азірнуўшыся, запытаў: — Можа, табе чаго не хапае? Хлеба, мяса або драўнянага вугалю? Я загадаю, і ўсё ў цябе будзе.

— Дзякуй богу, усё ў мяне ёсць, — паківаў галавою стары.

Потым гняўліва зірнуў на князя, і сівыя бровы над вачамі пырхнулі ўгору, як лугавыя матылі.

— Навошта бязрукую сілу на нашай зямлі плодзіш? Навошта адцяў дзясніцу Курылу Валуну?

— Курыла — бязбожны таць, — адказаў Далібор. — Ен зваяваў, папляжыў лепшых людзей князя Войшалка.

— Гэтай рукі табе некалі не хопіць, — прамовіў Бяссмертны Кандрат і нахіліўся над сваім варштатам.

VIII

У лета 6768-е84 ад сатварэння свету брацці-рыцары вырашылі канчаткова расправіцца з непакорнай Жамойцкі, крывёй тубыльцаў патушыць пажар паўстання, які бушаваў там ужо некалькі гадоў. Жамойты, спадзяючыся на дапамогу Міндоўга, выбівалі рыцарскія гарнізоны з гарадоў і замкаў. Кожны рыцарскі замак яны называлі «гняздом ворана» і знішчалі яго дашчэнту, да голай зямлі. На вачах Ордэн траціў усё заваяванае. Як набыта махам, дык і пайшло прахам. З такім ходам падзей рыцары, вядома ж, не хацелі мірыцца. Неабходна было высока ўзняць сцяг тэўтонцаў, на якім у чорным крыжы горда ззяў залаты іерусалімскі крыж. Гэты залаты крыж быў салодкім напамінкам аб пераможных бітвах супраць сарацынаў у Палесціне і Сірыі. Перабраўшыся на ўзбярэжжа Балтыйскага мора, тэўтонцы не забывалі Усход, калыску свайго баявога юнацтва, і ўсе замкі ў Прусіі і Лівоніі ўпрыгожвалі арабскім арнаментам і нізкімі парталамі. Быў вельмі пашыраны «сум па Усходу». Пад шум халодных лясоў, пад рыпенне пяску ў мокрых ад бясконцых дажджоў дзюнах рыцары марылі пра чарнавокіх смуглых прыгажунь, пра серныя лазні і срэбныя кубкі з віном, пра турніры. Зямлю, залітую бязмежна шчодрым сонечным святлом, сустракалі яны ў сваіх снах. Гэта быў калі не рай, дык месца за некалькі крокаў ад раю. Але, прачнуўшыся, тэўтонцы бачылі вакол сябе непакорны светлавокі і светлавалосы народ, садзіліся ў сядло, і зноў пачыналася бітва, якая расцягнулася не на адно дзесяцігоддзе. Калі ж закончыцца гэта знясільваючая бітва? Калі можна будзе ўкласці меч у похвы і, адзеўшы на галаву вянок з духмяных каляровых кветак, паслухаць звонкагалосых вагантаў, што спяваюць пра каханне? Рыцары вырашылі нанесці апошні і самы сакрушальны ўдар. Перад гэтым на Нёмане яны збудавалі крэпасць Георгенбург, каб адсекчы Жамойць і Прусію ад Літвы. Якраз узбунтаваліся куршы. Рыцарскі атрад, які пайшоў на іх, быў разбіты. Гэта паражэнне ўскалыхнула земгалаў. Іхні старэйшына Шабіс пачаў з вялікай лютасцю бурыць рыцарскія замкі, вешаць комтураў. «Годзе!» — як агульны ўскрык, як стогн самой дзевы Марыі, прагучала між лівонцаў і тэўтонцаў. Яны з'ехаліся ў Кёнігсбергу і дамовіліся неадкладна трубіць паход. Лівонскіх рыцараў вёў магістр Бургхард фон Гарнгузен, прускіх крыжакоў — ордэнскі маршалак Генрых Ботэль, атрад датчан з Рэвеля — герцаг Карл. Гэта было ядро войска, няўтрымны камень, што, грозна грукочучы, каціўся па схіле гары. Як наліпае снег на камень, так наліплі на рыцарскае войска, прыбіліся да яго шматлікія дапаможныя атрады хрышчаных ліваў, эстаў і куршаў. Вось якая сіла прыйшла ў рух, і нішто ўжо не магло выратаваць Жамойць. Нават калі б усе яе мужчыны, ад млекасосцаў, што плачуць у калысках, да сляпых дзядоў, узялі ў рукі зброю, яе б усё роўна растаптаў жалезны чаравік.

У гэты самы час пасланец ад Крыве-Крывейты, загнаўшы двух коней, прымчаўся ў Варуту, упаў на калені перад Міндоўгам і выдыхнуў чорнымі патрэсканымі ад спёкі і цяжкай дарогі губамі:

— Ратуй, вялікі кунігас! Ратуй не мяне і не сябе — ратуй Радзіму!

Міндоўг не спаў перад гэтым дзве ці тры ночы, быў як у ліхаманцы. На левым воку агідна трымцела павека, як трымціць у голым лесе асінавы ліст. Чорныя цені ляжалі на запалых шчоках. Кунігас глуха кашляў, са злосцю глядзеў на пасланца. А той, не ўстаючы з каленяў, казаў адрывіста і адчайна:

— Клянуся Пяркунасам і крывёй сваёй мацеры: я лепш памру ў тваім нумасе, чым даведаюся, што ты не павядзеш войска на дапамогу братам-жамойтам.

Кунігас пагрозна маўчаў. І маўчаў увесь ягоны палац. Маўчала Варута. Тады пасланец раскрывяніў сабе вострай ракавінай кауры, якую выхапіў з-за пазухі, твар, упаў ніцма і заенчыў:

— Запаліце святое вогнішча! Кіньце мяне ў тое вогнішча! Я не хачу бачыць здрадніка!

Страшна было чуць такое. Упершыню тут, у варуцкім палацы, чалавечыя вусны асмеліліся назваць вялікага кунігаса здраднікам.

— Маўчы, бенкарт85! Маўчы, злога ложа сын! — грозна крыкнуў Міндоўг.

Але пасланец Крыве-Крывейты, пэўна, страціў ужо і развагу і розум. Ен густа размазаў па твары кроў, узняўся на ногі. Раз'юшаны і чырванатвары, пырскаючы слінай, ён казаў проста ў вочы кунігасу:

— Агідны пярэварацень, за карону, за бліскучую пазалочаную цацку, ты аддаў нашым ворагам Літву, аддаў прадзедаўскую веру. Бяжы хутчэй у Караляўчус86. Там ужо сабраліся твае сябры-крывасмокі, каб уволю пакупацца ў жамойцкай крыві.

Кунігас, глуха застагнаўшы, стукнуў яго кулаком у разяўлены рот, выбіў некалькі зубоў. Бясстрашны пасланец хацеў яшчэ нешта сказаць, яшчэ шамкаў скрываўленым ротам, але накінуўся ззаду Астафій Разанец, зваліў з ног. Яны валтузіліся, счапіўшыся ў клубок, як сабака з гадзюкай на сенажаці.

— Запаліце вогнішча! — загадаў Міндоўг.

Ярка ўспыхнулі сухія бярвенні. Агонь пачаў танцаваць непадуладны чалавечаму розуму танец. Пасланец Крыве-Крывейты абвяў. Астафій Разанец адразу выпусціў яго са сваіх чэпкіх рук, адхіснуўся ўбок, бо той, хто яшчэ будзе жыць, не павінен знаходзіцца побач з тым, над кім блізкая смерць уздымае чырвонае пякучае крыло.

Міндоўг у мёртвай звонкай цішыні павольна пайшоў у нумас. Усе атарапела глядзелі на ягоную спіну, не ведаючы, што рабіць. Пасланец ляжаў на зямлі. Праз нейкія мігі, якія здаліся занадта доўгімі і пакутнымі, кунігас вярнуўся да вогнішча, трымаючы ў руках вельмі прыгожую выштукаваную рыжскімі залатарамі каралеўскую карону. Абедзвюма рукамі ён высока ўзняў яе над галавой (усе думалі — зараз надзене на галаву), нешта прашаптаў і шпурнуў карону ў агонь. Гэта было так нечакана, што ў большасці з прысутных вырваўся з грудзей ці то стогн, ці то ўсхліп. Некаторыя нават (і між імі Астафій Разанец) кінуліся да вогнішча, каб голымі рукамі разгрэбці чырвоныя вугалі і галавешкі, выхапіць з іх карону. Але Міндоўг спыніў усіх гэтых людзей уладным узмахам рукі.

вернуться

84

Лета 6768-е — 1260 год.

вернуться

85

Бенкарт — незаконнанароджаны.

вернуться

86

Караляўчус — Кёнігсберг.