Выбрать главу

Купкі ландскнехтаў, хаваючыся ўдзень у лясах і балотах, зорнымі начамі беглі ў напрамку Рыгі і Мемельбурга. Цяжкую вестку неслі яны ў гарады і замкі, канчалі жыццё самагубствам, ляжалі ў глухіх куп'істых багнах, зарослых парудзелай вострай асакой, і чорныя п'яўкі ўпаўзалі ў вачніцы.

У ранішнім ружовым тумане пяцёра ўшчэнт знясіленых уцекачоў убачылі вершніка, які ехаў на кані, кіруючыся ў бок Рыгі. Мяркуючы па адзежы, гэта быў манах ордэна святога Дамініка.

— Хто ты? — як лясныя здані, перагарадзілі яму дарогу абдзёртыя і галодныя ландскнехты.

— Сіверт, — лагодна адказаў вершнік. — Іду ад вялікага кунігаса Міндоўга. З Рыгі хачу дабрацца да Рыма і там на каленях буду маліць папу Аляксандра IV, каб не меч, а мір паслаў ён на гэтыя землі, каб не аб'яўляў крыжовага паходу, каб сядзелі дома рыцары Майнца, Брэмена, Кёльна і Трыра.

Пакуль манах прамаўляў такія прачулыя словы, ландскнехты разадралі на кавалачкі ягоныя дарожныя торбы-саквы, усхліпваючы і скуголячы, нібы звяры, прагна пажыралі хлеб і мяса, вырывалі яду адзін у аднаго з рук, біліся за яе. Але вось голад прытупеў, цеплыня пакацілася па жылах, і яны пачалі ўслухоўвацца ў тое, што гаварыў манах.

— Ен вар'ят! — крыкнуў адзін з іх.

— Пра які мір ты вярзеш, калі брацці-рыцары ляжаць на беразе Дурбе з перарэзанымі глоткамі? — хапянуў Сіверта за нагу другі.— Ды ўсіх гэтых дзікіх тубыльцаў трэба дзень і ноч варыць у гарачай смале, варыць жыўцом!

Але Сіверт глядзеў на іх прасветленым позіркам і вёў сваё:

— Я паеду да папы, я скажу яму, што ў Прусіі, Жамойці і Лівоніі мы пралілі рэкі, азёры нявіннай крыві, мы знішчаем цэлыя народы.

— Змоўкні, ублюдак! — выскаліўшы дуплаватыя жоўтыя зубы, аж завыў ландскнехт па імені Франц, якому ў бітве амаль па плячо адсеклі левую руку.

Ен усё стараўся падскочыць, каб тыцнуць у твар манаху сваёй скрываўленай куксай. Ды на манаха найшло-наехала святое натхненне. Здавалася, ён не бачыць і не чуе абдзёртых і злых, раздаўленых чорнай ганьбай паражэння ландскнехтаў, не бачыць лес і балота, пыл на шчоках і вуснах, не бачыць дробных, але з пранізлівым прагным гудам мух, што клубком уюцца над куксаю Франца, каб выпіць хоць кропельку крыві. Аб вечным міры, пазіраючы на ранішняе неба, казаў Сіверт, аб святой боскай справядлівасці, якая не мае межаў.

Тады самы здаравейшы з ландскнехтаў кінуў вачыма туды-сюды, убачыў надламаную таўставатую бярэзіну, выдраў яе з коранем з зямлі і, шырока размахнуўшыся, гваздануў, дзеўбануў гэтым рагатым цяжкім коранем дамініканцу проста па цемені. Пачуўся сухі рэзкі гук, быццам пад нечай нагой лопнуў арэх. Сіверт упаў з сядла.

Ландскнехты памаліліся і селі ў кружок. Мёртвы манах ляжаў непадалёку. Вусны былі напаўраскрытыя, нібы яшчэ выбівалася, вылузвалася з грудзей узрушанае, але ўжо нікому не чутнае слова.

— А ў яго добры конь, — сказаў раптам Франц. Усе павярнулі галовы, глянулі на каня, што спакойна скуб траву.

— Нас пяцёра, а конь адзін, — раздумліва сказаў Франц. — Да Рыгі ён нас не давязе. Дык давайце зарэжам каня і будзем варыць ягонае мяса.

Узрадаваныя ландскнехты адразу ўскочылі на ногі, трымаючы ў руках вяроўкі, нажы і камяні, пачалі асцярожна абкружаць каня з усіх бакоў.

IX

Нібы ссечанае сякерай дрэва, рухнула магутнасць Ордэна, рухнула ў адзін дзень. Адразу паўсталі ўсе прускія землі: Самбія, Вармія, Натангія, Барція і Пагезанія. Куршы захапілі рыцарскія замкі Сінцелен, Бардах, Грабін, Грэзен, Лазен, Меркес… Ад Ордэна адпалі Земгалія, востраў Саарэмаа.

Гэта быў зорны час Міндоўга. Умелай і моцнай рукою накіроўваў, падштурхоўваў ён падзеі. У Полацку са згоды мясцовага веча ўжо сядзеў князь Таўцівіл. Схадзіўшы ў Чэхію разам з галіцка-валынскімі князямі, Таўцівіл вярнуўся дадому, абачліва памірыўся з Міндоўгам, прызнаўшы ягонае верхавенства. Цяпер, каб вытрымаць бітву з Ордэнам, з усёй рыцарскай Еўропай, неабходна было шукаць саюз і дружбу з магутным праслаўленым князем Уладзіміра-Суздальскай Русі Аляксандрам Неўскім. Параіўшыся з літоўскімі і новагародскімі баярамі і князямі, вялікі кунігас Міндоўг надумаў жаніць Таўцівілавага сына Канстанціна з дачкой Аляксандра Неўскага і адначасова заключыць дагавор аб сумесных баявых дзеяннях супраць Ордэна.

Гэта быў зорны час Міндоўга. Але гэта быў і пачатак ягонага падзення. Надыходзіць дзень, калі ў агромністым высозным дрэве, якое зялёнай кучаравай галавой падпірае аблокі, пасяляецца малюсенькі, нікчэмны сваёй непрыкметнасцю чарвячок. Шумі, красуйся, дрэва, калыхай птушыныя гнёзды, лаві завірухі і маланкі, думай, што ты вечнае, несмяротнае… Чарвячок ужо точыць цябе.

Пасля таго як Міндоўг зняў крыжы і загадаў усім хрысціянам пакінуць сваю дзяржаву, а некаторых забіў, ён зрабіўся для паганцаў-вогнепаклоннікаў ледзь не зямным богам. Крыве-Крывейта слаў яму вітанні і штодзень маліўся за яго. Ды ў Новагародскай зямлі, дзе княжыў Раман Данілавіч і дзе ў Лаўрышаўскім манастыры задумоўваў пісаць літапіс і пільна сачыў за ўсім, што адбывалася наўкол, Войшалк-Лаўрыш, такую навіну сустрэлі насцярожана, без радасці. Паганства тут было ўчарашнім днём. Ніхто не збіраўся зачыняць цэрквы і зноў прыклейваць залатыя вусы Перуну.

У Жамойці таксама не дужа славілі Міндоўга. Кунігас Трайнат з баярамі коса пазіраў на Варуту і на Кернове, дзе папераменна разам са сваім вялікім дваром жыў Міндоўг. Знешне Трайнат падпарадкоўваўся Міндоўгу і ў 1263 годзе з трыццацітысячным войскам напаў на Мазовію і Хельмінскую зямлю, забіў князя Земавіта Мазавецкага, а ягонага сына Конрада ўзяў у палон. Усё гэта рабілася па загаду Міндоўга, але жамойты прагна чакалі той дзень, калі можна будзе адпомсціць яму за крыўдлівыя пагардлівыя словы, якія ён сказаў Трайнату. А сказаў Міндоўг вось што: «Яшчэ ні разу кунігас з Жамойці не валодаў Літвой. Заўсёды ўсё было наадварот». — «Нічога, некалі і я наступлю яму на крывавы мазоль», — быццам бы прамовіў сваім баярам, пачуўшы такое, ганарлівы Трайнат. Як там ні было, між Літвою і Жамойцю прабегла першая трэшчына.

Вельмі складаныя адносіны былі ў Міндоўга з Войшалкам. Сын-хрысціянін некалі маліўся на свайго бацьку, палка любіў яго, але праляцела дзяцінства, юнацтва, упала сівізна на бараду, і надышоў час, калі толькі са скрыгатам зубоўным Войшалк мог чуць або вымаўляць імя Міндоўга. Сябе Войшалк называў няйначай як ліцвінам, падкрэсліваючы гэтым, што ў ім цячэ не толькі літоўская, але і славянская кроў, што ён не паганец, а хрысціянін і што да смертнага крыжа звязаў ён свой лёс з лёсам Новагародка. Пазіраючы на свайго гаспадара, пачалі звацца ліцвінамі многія баяры, купцы, рукадзельныя людзі і смерды як Літвы, так і Новагародка. Ужываў Войшалк толькі крывіцка-дрыгавіцкую гаворку, а ўжо калі стаў праваслаўным манахам, дык зусім адышоў ад Міндоўга, які перавярнуўся ў паганства.

Бацька таксама неўзлюбіў сына. Невыпадкова ж з надзвычайнай лёгкасцю згадзіўся, каб Войшалк сядзеў у Лаўрышаўскім манастыры, а Новагародскім стальцом завалодаў Раман Данілавіч. Галіцка-Валынскую Русь гэткім чынам ён хацеў зрабіць сваім шчытом супраць татараў. Але дужа крохкім і ненадзейным аказаўся шчыт.

Войшалк, маючы пастаянную сувязь з князем Глебам Ваўкавыйскім, з новагародскімі баярамі і святарамі, чакаў свайго часу, праз верных людзей сачыў за Раманам Данілавічам. Галіцкі князь сядзеў у Новагародку падобна таму, як бурнай шматводнай вясною на лапіку сухой зямлі велічынёй з цялячы лоб сядзіць смяртэльна перапалоханы зайчык. Наўкол бушуе мора вады, пранізліва трашчаць крыгі, вырываюцца з коранем, куляюцца ў халодных вірах дрэвы… Адчуваючы, што ў Новагародку яго амаль ніхто не прызнае за князя, Раман Данілавіч дужа прыахвоціўся да віна і кастарства90. Калі Войшалк і Далібор з дружыннікамі прыйшлі глухой ноччу на дзядзінец, каб закаваць князя-набрыдня ў ланцугі, ён з вялікай страсцю разам са сваім целаахоўнікам Алексам гуляў у косці. Абодва былі п'яненькія і вясёлыя.

Аднак, як толькі развітаўся не па сваёй волі з новагарадскім дзядзінцам Раман, з далёкіх Карпат пачулася рычанне льва — князь Даніла Галіцкі пакляўся выбавіць сына і адпомсціць за яго. Са сваімі палкамі, з яцвягамі і полаўцамі ён імкліва ўварваўся з поўдня ў Новагародскую зямлю. Пад Ваўкавыйскам адбылася жорсткая начная сеча. Данілу Галіцкаму пашанцавала — напружыўшы ўсе сілы, ён разбіў ваўкавыйскую дружыну з новагародскім апалчэннем і нават захапіў у палон параненага Глеба Ваўкавыйскага.

вернуться

90

Кастарства — гульня ў косці.