Выбрать главу

З цягам часу я не аднойчы заўважаў, што людзі, асабліва ў маладосці, лічаць непрыстойнымі не тыя свае бессаромныя ўчынкі, за якія завуць іх дурнямі, а тыя добрыя і высакародныя справы, якія робяцца імі ў хвіліны раскаяння, хоць толькі за гэтыя справы і можна зваць іх разумнымі. Такі і я быў у той час. Успаміны пра пакуты, якія я выцерпеў у час караблекрушэння, паступова сцерліся, і я, пражыўшы ў Ярмуце два-тры тыдні, паехаў не ў Гуль, а ў Лондан.

Раздзел трэці

Рабінзон трапляе ў палон. — Уцёкі

Вялікім маім няшчасцем было тое, што я ў час маіх прыгод не застаўся на караблі матросам. Праўда, мне давялося б болей працаваць, але затое вывучыўся б, нарэшце, мараходнай справе і з цягам часу мог бы стаць штурманам, а магчыма, і капітанам. Але ў той час я быў такі дурны, што з усіх шляхоў выбіраў заўсёды самы горшы. З той прычыны, што я мог тады заўсёды фарсіць сваім адзеннем і ў кішэнях у мяне не зводзіліся грошы, я заўсёды з'яўляўся на карабель бесклапотным шалапутам: нічога там не рабіў і нічому не вучыўся.

Маладыя свавольнікі і гультаі звычайна трапляюць у дрэнную кампанію і вельмі хутка канчаткова збіваюцца з тропу. Такі ж лёс чакаў і мяне, але ў Лондане мне пашчасціла пазнаёміцца з паважным пажылым капітанам, які шчыра мною зацікавіўся. Незадоўга перад гэтым ён хадзіў на сваім караблі да берагоў Афрыкі і Гвінеі. Гэта падарожжа прынесла яму немалы прыбытак, і цяпер ён зноў збіраўся накіравацца ў тыя ж краі.

Я спадабаўся яму. Я быў тады цікавым суразмоўцай.

Ён часта бавіў са мною свой вольны час і, даведаўшыся, што я мару пабачыць заморскія краіны, прапанаваў мне пайсці ў плаванне на яго караблі.

— Вам гэта не будзе каштаваць грошай, — сказаў ён, — я не вазьму з вас нічога ні за праезд, ні за яду. Вы будзеце на караблі маім госцем. А калі яшчэ прыхопіце з сабою сякія-такія рэчы, якія вам удасца выгадна збыць на Гвінеі, то вы будзеце мець яшчэ і барыш. Паспрабуйце, можа, якраз вам і пашэнціць.

Гэты капітан карыстаўся агульным даверам, і я з ахвотай згадзіўся на яго запрашэнне.

Накіроўваючыся ў Гвінею, я прыхапіў з сабою сёе-тое з тавару: закупіў на сорак фунтаў стэрлінгаў[4] розных бразготак і шкляных вырабаў, якія мелі выдатны збыт у дзікуноў.

Набыць гэтыя сорак фунтаў мне пасадзейнічалі блізкія сваякі, з якімі я меў ліставанне: я паведаміў ім, што збіраюся заняцца гандлем, і яны ўгаварылі маю маці, а магчыма, і бацьку памагчы мне хоць нязначнай сумай.

Гэта паездка ў Афрыку была, бадай, маім адзіным шчаслівым падарожжам. Вядома ж, за свой поспех я павінен быў быць удзячны толькі бескарыслівай дабраце капітана.

У час падарожжа ён займаўся са мной матэматыкай і вучыў мяне карабельнай справе. Ён меў задавальненне ад таго, што перадаваў мне свой вопыт, а я — ад таго, што слухаў і вучыўся ў яго.

Падарожжа зрабіла мяне і мараком і купцом: я вымяняў на свае бразготкі пяць фунтаў і дзесяць унцый залатога пяску, за які, вярнуўшыся ў Лондан, атрымаў немалую суму.

Такім чынам, я мог лічыць сябе багатым прамыслоўцам, які паспяхова вядзе гандаль з Гвінеяй.

Але, на маё няшчасце, мой сябра капітан хутка пасля вяртання ў Ангельшчыну памёр, і мне давялося зрабіць другое падарожжа на свой страх, ужо без сяброўскай парады і дапамогі.

Я адплыў з Ангельшчыны на тым жа караблі. І гэта было самае нешчаслівае падарожжа, якое калі-небудзь рабіў чалавек.

Аднойчы на світанні, калі мы пасля доўгага плавання ішлі паміж Канарскімі выспамі і Афрыкай, на нас напалі піраты — марскія разбойнікі. Гэта былі туркі з Салеха. Яны здаля заўважылі нас і поўным ходам прыпусцілі наўздагон.

Спачатку мы спадзяваліся, што здолеем выратавацца ад іх уцёкамі, і таксама паднялі ветразі. Аднак хутка стала відавочна, што гадзін праз пяць-шэсць яны нас абавязкова дагоняць. Мы зразумелі, што неабходна рыхтавацца да бою. У нас было дванаццаць гармат, а ў ворага — васемнаццаць.

Каля трох гадзін апоўдні разбойніцкі карабель дагнаў нас, але піраты зрабілі вялікую памылку: замест таго каб падысці да нас з кармы, яны падышлі з левага борта, дзе ў нас было восем гармат. Выкарыстаўшы іх памылку, мы навялі на іх усе гэтыя гарматы і далі залп.

Туркаў было не менш дзвюх соцень чалавек, таму яны адказалі на нашу страляніну не толькі гарматным, але таксама і ружэйным залпам з двухсот стрэльбаў.

На шчасце, у нас нікога не зачапіла, усе засталіся жывыя і не параненыя. Пасля гэтай сутычкі пірацкае судна адышло на паўмілі[5] і пачало рыхтавацца да новага нападу.

вернуться

4

Фунт стэрлінгаў — грашовая адзінка ў Ангельшчыне.

вернуться

5

Міля — мера даўжыні каля 1609 метраў.