Выбрать главу

Дзяцюк, спусціўшы з пляча няпоўны мех, пакланіўся:

— Здраствуйце вам! Называм сень Тэофіль.

Пяць слоў на дзвюх мовах. І дзіўнае — польскае імя. Па тагачаснай модзе.

На дзецюку былі запыленыя боты-дудкі, галіфэ і суконная куртка, а над губамі ды бровамі — «варшаўская» кепка з доўгім казырком.

— Гэто, Ганно, мой пляменнік, Малчын найменшы, Тэпсік. Ты ж нашу Малку ведаеш: што за Нохімам. Большыя дзеці — нішто сабе, а гэты, сястрыцо, я і пры ім скажу: гультай, паніч. Тэпсік, сядзь тут, на лаве, не тырчы ля парога.

Тэофіль падышоў да лавы, каля стала, за якім я рашаў задачкі, і, паглядзеўшы на мяне, сказаў з таўстагубай усмешкай:

— Гаронца!

— А мы ў цябе, Ганно-сястрыцо, і паабедалі б, — гаварыла тым часам старая, яшчэ ўсё стоячы перад мамай каля печы.

— Ой, Рохачко, мо хібо трохі малака, а то ж капуста ў мяне заскварана.

Мама гаворыць гэта, а сама як быццам усміхаецца.

— Салам? — спыталася Роха, як быццам сама і не ведае, чым гэта заскварваюць.

— Салам, — пацвердзіла мама, таксама як быццам не ведаючы, што госці сала есці не можна, аднак яна есць.

— Каб без сала, сястрыцо, дык гэто горо было б. Яму, можа, дай малака. Тэпсік, капусту будзеш есці? Ці малака табе?

— Буду, — важна адказаў Тэофіль. — А потым пап'ю і млека.

Яны абедалі без нас, бо мы з мамай толькі што ад стала, а Рамана дома не было. Потым мама пайшла ў агарод, Роха, пакінуўшы мех і Тэпсіка ў нас, падалася са сваімі голкамі ды шмолкамі па хатах, а Тэпсік сказаў мне:

— Дай, хлопак, якую-небудзь ксёнжку. Расейскую ілі польскую, ушыстко едно.

Наш тоўсты, добра такі растрэсены, аднатомнік Пушкіна, які Раман прывёз з бежанства, ляжаў у шуфлядзе стала. Калі я дастаў яго і палажыў перад госцем, ён мне параіў пайсці пагуляць. Я пайшоў. Каровы выганяць было яшчэ рана, а мне ж карцела паглядзець, як той Тэофіль чытае. Бо я ўжо многа чытаў у Пушкіна, а сёе-тое ведаў і на памяць: само запомнілася, не завучваў. Скажам: «Трусоват был Ваня бедный» або «Горит восток зарею новой». Калі я ўвайшоў у хату — Пушкін ляжаў разгорнуты, а госць драмаў, заслінена адвесіўшы чырвоную губу. Ён падцягнуў яе, прахапіўшыся, паправіўся на лаве і сказаў:

— Да… Такую ксёнжку нада чытаць з бутэлечкай харошага вінца, на мяккай канапе…

Другі раз, тою ж вясной, але тыдняў праз два і ў нядзелю, баба Роха прыйшла таксама не адна, а з такім, як я, хлапчуком. Зноў жа з парога:

— Ганно-сястрыцо, здраствуй! Мало было табе майго пляменніка, дык на яшчэ і ўнука. Куды нянька, туды і лялька. Самому ж вельмі захацелася, як пра твайго яму расказала. Зяма, скажы добры дзень!

Хлопец несарамліва здалёк прывітаўся з усімі, з мамай, Раманам і мною, а тады падышоў да мяне, падаў руку і сказаў на дадатак:

— Здароў!

І я таксама адказаў:

— Здароў!

А баба Роха тым часам тлумачыла маме:

— Мяха яшчэ поўнага не панясе, ды ўсё ж мне трохо весялей. Той кунэлэмул[1], Тэпсік, не хоча памагчы, пану заўстыдам, неганарова. А гэта майго Хаіма-нябожчыка сынок. Сіротка, як і ваш. Бацьку яго, сама, сястрыцо, ведаеш, германец забіў, каб ён аб вугал галавою біўся, дзе ён ёсць!..

Баба Роха пайшла з таварам па хатах, а мы з Зямам пабылі спачатку ў нас, глядзелі кнігі, потым у садзе, на вуліцы. Да Шуры пайшлі, аднак у іх нікога дома не было. А потым, як Зямава баба вярнулася, селі абедаць — усе разам.

Але спачатку, толькі мама адсланіла печ, каб даставаць гаршкі, Роха штосьці ёй там зашаптала, і шэпт быў такі, што я і ля стала пачуў:

— Сама ўжо… я такі поп, што бяру і боб… А за яго… Раструбіць па ўсіх Мілтачах…

— Ды не, Рохачко. Сёння пасоля з пеўнем, а потым панцак забелены, — уголас адказала мама.

Было пацешна, калі баба Роха зачэрпала з місы кавалак мяса, а тады ўзяла яго са свае лыжкі пальцамі і палажыла Зяме на лусту.

— І ты, — сказала, — палцамі бяры. Раней бог стварыў палцы, а тады ўжо відэлцы.

А больш дык добра было, што гэты хлопец, такі не наш, не вясковы, і такі… ну, па-іншаму свой, сядзіць вось у нас за сталом, як калісьці Шура, — той, першы раз, з нашым першым агульным уловам. Ён, Зяма, як і мы з Аляксандрам Сяргеевічам, канчае другі клас, а калі мы кончым трэці, дык і мы будзем у чацвёрты хадзіць у Мілтачы, і тады ўжо нам будзе яшчэ лепш дружыць. Шкада толькі, што вось паабедаем і ён пойдзе… І я папрасіўся Зяму правесці.

— Яшчэ чаго? — здзівілася мама. — Ён жа з бабаю, не адзін. А каровы твае?

Адразу ў дзве столкі супраць. Першае «супраць» адхіліла баба Роха:

— Ганно-сястрыцо, хай сабе дружаць сіроткі. Ці ж ты, здарова, не бачыш? А Зяма і вучыцца добра. Ён яшчэ і карцінкі малюе, як жывапівец.

вернуться

1

Няўдаліца, прыдурак (жыд.).