Выбрать главу

Стрэліўшы і яшчэ два разы, дзядзька сабраў свой бізун зноў у некалькі столак, павесіў цераз плячо, зноў ручкай наперад.

— Цяпер касаема сусліка, — сказаў ён і дастаў з правай кішэні портак камень. — Перш за ўсё тут нужон падхадзяшчы штэйн.

— Гэта камень па-нашаму, — растлумачыў мне Зяма. — А ў той, другой кішэні — гармонік.

— Залман, условіе — тока не перабіваць!.. Ітак — са штэйнам мы становімся на левае калена. Так. Смотрым, дзе ён стаіць каля норачкі — той а суслік, а балабост[2], конь без хвост. Цаляем унімацельна і — без промаха — б'ем!..

Дзядзька шпурнуў свой камень у штосьці нябачнае на траве.

— Ну, маладзёж, знайсці і падняць!

Мы, смеючыся, пабеглі, знайшлі той гладкі, адшліфаваны рукамі камень, і я падаў яго дзядзьку. Штэйн пайшоў у кішэню, а дзядзька Шыман сказаў:

— Ну вось. Засім астаюсь ваш быўшы сын, ныне яфрэйтар утарога Туркестанскага палка…

— Шыман, а гармонік? — як спалохана, ледзь не крыкам перапыніў яго Зяма. Дзядзька ўсміхнуўся:

— Залман, условіе: тока без нерваў!.. Музыка трэбуя паўзы і падхадзяшчага ўніманія. Позна! Вунь ужо баба Роха ідзе. Рахіль Шлёмаўна. Шэствуя важна ў спакойсцвіі чыннам…

Ён яе першы заўважыў.

Яна падышла да нас злосна і стомлена.

— Бежыце, як шчанюкі якія, старой не дагнаць… А ты ўсё, Шыман, забаўляешся? Гнаў бы далей ад гасцінца, можа, там лепшая трава. Ох, замарылася!..

Яна памаўчала хвіліну, аддыхваючыся, а тады спыталася:

— А што гэта там, у Індыках, людзей нешта многа? Я ўжо добра не бачу…

«Індыкамі» называецца канец бліжэйшай ад нас мілтачоўскай вуліцы, у якую ўліваецца гасцінец. Мы ўсе зірнулі туды. І праўда — з вуліцы на гасцінец выходзілі людзі, цэлы натоўп. Найбольш, здаецца, дзяцей…

Спачатку мы ішлі разам з бабай Рохай, а потым, з Зямам удвух, мы ўжо не вытрымалі, пабеглі.

…Усякае было — калючы дрот чорнымі хмарамі везлі па нашым гасцінцы, легкавыя машыны з розных краін ішлі ледзь не цэлы дзень, кавалерыя тупала на манеўрах, а то і галопам ішла, — але такога яшчэ не было!

У тым натоўпе, дзе найбольш было мілтачоўскіх дзяцей, ішлі мядзведзі з цыганамі… Не, цыганы з мядзведзямі… Яшчэ раз не — усё-такі не цыганы былі там перш за ўсё!..

Адзін за адным, на павадах, з намызнікамі — мядзведзі нізка над зямлёй і цяжка члапаюць ды клыпаюць сваімі лапішчамі па жвіры, нібы знарок, на пацеху панакрываўшыся вывернутымі кажухамі. Сем мядзведзяў!..

А цыганы тыя — сем цыганоў — у чорных капелюшах, у запыленых ботах, аброслыя, чорнабародыя, з кіямі. І нічога ні з кім не гавораць. Нехта хоча даць хлеба мядзведзю, той праз намызнік хоча ўзяць, але цыган яму — кіем, хлеб той за пазуху, а сам маўчыць, далей ідзе побач з мядзведзем. І мішка зноў маўчыць — толькі рыкнуў ад крыўды, замармытаў і сціх.

Усе ішлі — малыя, дзецюкі, дзядзькі — і мы з Зямам таксама ішлі ўжо назад у Аўсянікі. Бабу Роху не чулі, не бачылі, проста забыліся пра яе…

Сем мядзведзяў. Сем цыганоў. Адкуль? Куды? Як у казцы якой… Бо мы і ведалі ж іх толькі з казак, спачатку чутых, потым чытаных. Гэта я — пра мядзведзяў. А цыганы?

Дагэтуль бачыў я не цыганоў, а цыганак з цыганянятамі, яны хадзілі па хатах адны, без мужчын. У шырозных квяцістых спадніцах з мноствам бяздонных патайных кішэняў. Усе чарнявыя, з пацеркамі ды завушніцамі, голыя грудзі часамі відаць. На адной руцэ малы галапупец, а ў другой — вялікі, знізу закураны чайнік. Туды яна злівае малако, якое хто дасць, салодкае, кіслае — брр!.. Я не еў бы, а мама казала: «От, на агні яго адтопіць, з'есць тварагом». Усе цыганкі здаваліся мне бруднымі, ніколі не мытымі, і зверху, і пад сваімі квяцістымі кофтамі і шырачэзна-даўжэзнымі спадніцамі. То варажыць, гадаць налазяць, то просяць завучана:

— Мая ж ты бабка, залатая твая шапка, уся ты ў раі, толькі пята на краі! Дай беднай цыганцы сала, каб і пяту ў рай схавала!..

Ці так яшчэ:

— Дай ты, бабка, майму малачка, а свайму хоць смятанкі дасі. Красіваму ды башкавітаму! І будзеш ты жыць да белага воласу, да чорнага зуба!..

Абдурвалі яны людзей па-рознаму. Мама расказвала, як адна баба пашкадавала цыганянятка, якое цыганка пакінула «на хвілінку» ў хаце. Баба тая: «З марозу, бедненькае, ацэпла…» Узяла яго на печ, а цыганка ўбягае ды ў крык:

— Ты мне дзіця навек акалечыла! Як я вазьму яго на мароз?!

Ледзь адкупілася — салам, мукою, толькі б забрала.

А ў Руце было і такое. Гарманіст Качан і цыганка так адно аднаго ўпадабалі, што пажаніліся. Ён быў бедны, гультаяваты, і нешта праз год яго чарнявая сказала:

вернуться

2

Балабос — гаспадар (жыд.).